Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абяцаньні Пракаповіча нагадваюць абяцаньні Хрушчова”


Агляд тэлефанаваньняў за 4 лютага 2008 года.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

4 лютага 1808 году нарадзіўся беларускі паэт, драматург, тэатральны дзеяч Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Дарагія сябры! 170 гадоў з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага, 200 гадоў з дня нараджэньня Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Даты амаль супадаюць. Аднак апазыцыя не правяла ніякіх масавых мерапрыемстваў з гэтай нагоды. Лічу такія адносіны непавагай да нашай Бацькаўшчыны і да яе гісторыі”.

Слухачцы адказвае кіраўнік мастацкай суполкі “Пагоня” Алесь Марачкін.

Марачкін: “2 лютага мы адкрылі выставу ў сядзібе Беларускага народнага фронту. Выстава прысьвечаная ўгодкам Кастуся Каліноўскага і Дуніна-Марцінкевіча. На ёй прадстаўленыя партрэты Дуніна-Марцінкевіча і Каліноўскага. Гэта творы Міколы Купавы, Алеся Цыркунова, Тодара Ладуцькі. Так што памяць Кастуся Каліноўскага і Дуніна-Марцінкевіча мы ўшанавалі”.

У Беларусі ў 2015 годзе сярэдні заробак павінен скласьці ня меней за 1 тысячу эўра. Пра гэта заявіў кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч. Ён дадаў, што такую задачу паставіў Аляксандар Лукашэнка. Камэнтары слухачоў Свабоды:

Спадар: “Як ён мог такое сказаць, калі такі доўгатэрміновы прагноз наўрад ці хто са спэцыялістаў асьмеліцца зрабіць. Ён не расказваў, колькі тады будзе каштаваць бохан хлеба? Напэўна, ён будзе каштаваць тады 5 эўра”.

Спадар: “Абяцаньне Пракаповіча наконт таго, што заробак беларусаў складзе 1 000 эўра ў 2015 годзе, нагадвае мне абяцаньне Мікіты Сяргеевіча Хрушчова пра тое, што ў 1980 годзе савецкі народ будзе жыць пры камунізьме. Вось так. Абяцаньні Пракаповіча і Хрушчова — адно і тое ж”.

Ларыса, Менск: “Слухаю пра тое, што ў 2015 годзе заробак складзе 1000 эўра. Абяцанка — цацанка, а дурному — радасьць. Колькі на працягу апошніх гадоў было такіх абяцанак? Кожнай сям'і — асобная кватэра. І бачым, што кватэрнае пытаньне загубіла не адну сям'ю. А яшчэ вярнуць уклады насельніцтву. Але за 12 гадоў гэтага не зрабілі. А многіх ужо няма ў жывых, не дачакаліся. Так і з гэтымі абяцанкамі. Тут невядома, што здарыцца заўтра. Людзі хочуць варта жыць цяпер, сёньня”.

Спадарыня: “А Пракаповіч разьлічвае сядзець да 2015 году? Каб даў Бог, дык скарэй бы яны ўсе сышлі”.

У працяг тэмы — тэлефанаваньні, у якіх слухачы распавядаюць пра ўзровень свайго дабрабыту:

Спадар: “Нядаўна дзяржава павялічыла пэнсіянэру пражытачны мінімум. Дала 176 тысяч рублёў. Сюды ўваходзіць ежа, кватэрная плата і мноства іншых рэчаў. Няхай мяне дапоўняць хатнія гаспадыні-пэнсіянэркі. Каб ахоўваць дабрабыт пэнсіянэраў, трымаем войска, АМАП ды іншыя апараты, нават вялікую ахову прэзыдэнта. Відаць, улада баіцца, каб яго ў нас ня ўкралі. Гаварыў пэнсіянэр”.

Спадар: “Я выжываю на маміну пэнсію ў 160 тысячаў беларускіх рублёў, таму што няма для мяне працы ў Беларусі. А калі маці адыдзе ў вечнасьць, то прыйдзецца памерці з голаду і холаду. Гэта праўдзівая рэальнасьць выжываньня ў Беларусі”.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу павінны адбыцца да 28 верасьня. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Іван Карпавіч, Менск: “Я выслухаў рашэньне старшыні выбарчай камісіі Ярмошынай наконт выбараў. Я прапаную кіраўніку дзяржавы і Ярмошынай, якія галасуюць за выбарнікаў і праводзяць выбары, аддаць грошы малым і старым, а выбары не праводзіць. Яны ж усё роўна прызначаць тых людзей, якія ім падпяваюць. А тыя, хто мае сваю думку, ніколі туды ня трапяць. Так што, на мой погляд, лепш выбараў не праводзіць. Савецкі Саюз, як кажуць, гэтую сыстэму ўжо адпрацаваў. Нават Сталін неяк сказаў: “Важна ня тое, як галасуюць, а як лічаць галасы”. Вось і сёньня так лічаць, па-сталінску. А за апазыцыю і тых дзяцей, якіх арыштоўваюць і судзяць, канечне, прыйдзе час расплаты. Дзеці маюць сваю думку, і апазыцыя мае сваю. І за асабістую думку даваць па 5,5 гадоў і як злачынцаў судзіць, ці на 15 сутак ні за што садзіць — гэта ўжо злачынства! Дзе такое запісана ў законе?!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG