Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыедуць назіральнікі АБСЭ на выбары ў Расею?


За месяц да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі Бюро АБСЭ ў дэмакратычных інстытутах і правох чалавека заявіла, што, магчыма, увогуле не пашле ў Расею сваіх назіральнікаў.


Летась у часе выбараў у Дзяржаўную думу Бюро адмовілася браць удзел у назіраньні з тае прычыны, што расейскі бок увёў беспрэцэдэнтныя, на думку АБСЭ, абмежаваньні колькасьці назіральнікаў. Масква ж абвінавачвае Бюро ва ўдзеле ў палітычных гульнях.

Заява Бюро зьявілася адразу ж, як на гэтым тыдні Цэнтральная выбарчая камісія Расеі прыняла рашэньне абмежаваць місію сямюдзесяцьцю назіральнікамі, якім ня будзе дазволены ўезд у краіну раней як за тры дні да галасаваньня. Гэта практычна робіць немагчымым выкананьне іх абавязкаў, якія прадугледжваюць і доўгатэрміновае назіраньне. Таксама цяпер колькасьць эўрапейскіх назіральнікаў мусіць быць нашмат меншай, чым на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 году, якія кароткатэрмінова і доўгатэрмінова кантралявалі 387 чалавек.

Учора Эўрапейскі Зьвяз зрабіў заяву, у якой папрасіў Маскву зьняць “істотныя абмежаваньні” для назіраньня за выбарамі і выказаў спадзяваньне, што назіральнікі своечасова атрымаюць візы, а таксама доступ без перашкодаў да выбарчага працэсу.

Сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў заявіў:

Рабкоў: “У АБСЭ працягваецца адкрыты сабатаж нашых прапановаў у арганізацыі маніторынгу на ўзгодненай, кансэнсуснай аснове. Таму мы дзейнічаем так, як мы гэта павінны рабіць, калі кіравацца прынцыпамі роўнасьці сувэрэнных дзяржаваў”.

Прадстаўнік Бюро ў дэмакратычных інстытутах і правох чалавека Кёрціс Бадэн ў інтэрвію нашаму радыё падкрэсьліў, што да апошняга часу Расея прытрымлівалася прынятых крытэрыяў, але цяпер высоўвае зусім іншыя прапановы, паводле якіх кожная краіна практычна можа накласьці вета на назіральніцкую місію:
Расейскія прапановы фактычна азначаюць, што назіраньне за выбарамі стане бессэнсоўным заняткам.


“Расейскія прапановы фактычна азначаюць, што назіраньне за выбарамі стане цалкам бессэнсоўным заняткам”.

Сёньня кіраўнік Цэнтарвыбаркаму Расеі Ўладзімер Чураў прапанаваў дырэктару Бюро АБСЭ ў дэмакратычных інстытутах і правох чалавека сустрэцца ў Маскве на пачатку лютага і абмеркаваць праблему. Аднак, аналітыкі ў гэтым зьвязку ўзгадваюць, што на сустрэчы з прадстаўнікамі Фэдэральнай службы бясьпекі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін зьвяртаўся да ФСБ не дапусьціць замежнае ўмяшаньне ў расейскія справы.

Пуцін: “Наша дзяржава сувэрэнная, і мы не дапусьцім, каб хаду выбарчай кампаніі хтосьці карэктаваў звонку”.

На сустрэчы прысутнічаў і першы намесьнік прэм’ер-міністра Дзьмітры Мядзьведзеў, якога Пуцін прапануе ў якасьці свайго пераемніка.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG