Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як “разводзяць” даверлівых майстры Таро


У розны час у модзе былі розныя акультныя навукі і плыні. Раней людзі зьвярталіся да бабак – зьняць сурокі, да празорцаў – прадказаць лёс. Пазьней сталі модныя астралягічныя прагнозы.


Цяпер у Беларусі іншая мода – варажба на адлегласьці. Усе свае праблемы можна вырашыць па тэлефоне: прываражыць каханага, справіцца зь неслухмяным дзіцем, знайсьці паразуменьне, разьвязаць фінансавыя праблемы. Якія паслугі чараўнікоў, экстрасэнсаў, варажбітоў цяпер запатрабаваныя і колькі гэта каштуе?

Беларускія мэдыі стракацяць абвесткамі кшталту: “Сыходзіць каханы? Рушыцца сям’я? Неразьбярыха ў справах? Зьвяртайцеся да майстра Таро”; “Зазірніце ў будучыню з аптымізмам”. На Беларускім тэлебачаньні папулярная сьпявачка Алеся заклікае: “Тэлефануйце ў Таро Цэнтар Тэлеком. Яны мне вельмі дапамаглі”. Такім чынам, усе вашы праблемы за некалькі хвілін адмыслоўцы вырашаць па тэлефоне. Кошт хвіліны размовы – ад 2300 рублёў. Навучыцца гадаць на картах Таро таксама можа кожны – заплаці ад 300 да 500 даляраў за курс навучаньня, такіх прапаноў у інтэрнэце шмат.

“Нашы продкі-язычнікі ставіліся да варажбы насьцярожана”

Наагул, што да варажбы, фальклярыст, кандыдат філялягічных навук Ірына Казакова распавяла:

«Варажба, наагул, – гэта грэх. Нашы продкі лічылі, што можна зьвяртацца да варажбы толькі тры разы: дзяўчыне пасьля 17 гадоў, калі яна ня выйшла замуж, пасьля 25 гадоў, калі ня склаўся асабісты лёс, і трэці раз – у складаным становішчы, у сталым узросьце. Мужчыну, наагул, толькі два разы. Для варажбы былі толькі дазволеныя часы – напярэдадні Калядаў, напярэдадні Купальскай ночы... Нават нашы продкі-язычнікі ставіліся да гэтага вельмі і вельмі насьцярожана...»

Як паказвае практыка, каб вырашыць самую дробную праблему, “майстар Таро” будзе зацягваць размову хвілін да 15-ці. Такім чынам, кліента “развядуць” мінімум даляраў на 15. Мая калега, якая ведае асновы Таро, сёньня праводзіла сьледчы экспэрымэнт: запыталася ў так званага “майстра”, ці вырашыць яна цягам лютага свае фінансавыя праблемы. Малады чалавек быцам бы варажыў на картах, складаў гараскоп, задаваў шмат дадатковых пытаньняў. За 2 хвіліны ён зрабіў паўнавартасную інтэрпрэтацыю вялікага раскладу крыжа ў атачэньні 15 картаў – а гэта ў прынцыпе немагчыма...

Другі экспэрымэнт быў у «Астрапрагнозе». Там працаваў аўтаадказнік – папрасілі назваць дату і месца нараджэньня. У гэты час я заклікала адгукнуцца жывога чалавека. Праз 30 сэкунд аўтаадказьнік мне пачаў нешта прадказваць. Доўжылася мая размова з аўтаадказьнікам 6 хвілін – 15 тысяч рублёў.

Экстрасэнсы, сьпірыты, астролягі і варажбіты – у законе

Такім падманам абураецца вельмі шмат людзей. Але ў агульнадзяржаўным клясыфікатары Рэспублікі Беларусь «Віды эканамічнай дзейнасьці» ёсьць асобны разьдзел «дзейнасьць атролягаў і сьпірытаў, экстрасэнсаў і варажбітоў», што азначае, што такога кшталту паслугі і рэкляма гэтай дзейнасьці заканадаўствам дазволеныя.

Старшыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Аляксей Шэін накіраваў у многія дзяржаўныя структуры звароты:

«Астролягі, сьпірыты, экстрасэнсы ня толькі хочуць выкачаць з нашага і так небагатага народу грошы, але і ўвесьці іх у зман праз сваю акультную практыку. Наша задача – дамагчыся, каб зь дзяржаўнага клясыфікатару гэты від паслуг быў выключаны і каб была забароненая рэкляма такога роду акультных практыкаў. Гэтую ініцыятыву падтрымалі і біскупы пратэстанцкай царквы, і мітрапаліт Філярэт падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам».

Сапраўдныя знахары дапамагаюць людзям бескарысьліва

Ніхто не аспрэчвае, што ёсьць сапраўдныя знахары, лекары, траўнікі, якія могуць дапамагчы людзям дзякуючы сваім здольнасьцям, кажа кандыдат філялягічных навук Ірына Казакова:

«Я вельмі шмат сутыкалася зь людзьмі, якія маюць сапраўдныя мэдыцынскія, знахарскія веды, ведаюць розныя прыкметы, павер'і. На Беларусі заўсёды было больш знахароў, а не чарадзеяў. І заўсёды людзі, якія мелі вось гэтыя здольнасьці, рабілі гэта бескарысьліва, а калі гэта за грошы... Я не магу сказаць агульна (можа, у каго і ёсьць які-небудзь дар, ня нам судзіць), але калі гэты дар чалавек выкарыстоўвае не на паслугу людзям, а на тое, каб зарабіць грошы, ніколі ніякай дапамогі, ніякай карысьці гэта не прынясе».

Але пакуль ні Міністэрства гандлю, адказнае за разьмяшчэньне рэклямы, ні Міністэрства інфармацыі, ні Камітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў нічога забараніць ня могуць, кажа прэсавы сакратар Камітэту Міхаіл Рыбакоў:

«Мы ня маем права ні спыніць, ні дазволіць гэтую рэкляму, але калі пытаньне ўздымаецца, яго трэба будзе вырашаць. Натуральна, яго разглядаць неабходна будзе ў рэчышчы заканадаўства. Ня выключана, што гэта будзе мець месца, бо раней праз гэтыя праблемы прайшлі Расея, Украіна».

Дарэчы, у Расеі і Ўкраіне такога кшталту рэкляма забароненая. Ці хутка гэта адбудзецца ў Беларусі? Тады, калі зьменіцца перакананьне чалавека, што ягоныя праблемы хтосьці за яго вырашыць, лічыць Ірына Казакова.

«Кожны чакае цуду – вось нехта прыйдзе, дзьмухне-плюне, у далоні плясьне, і лёс зьменіцца. Гэта глупства, трэба скіроўваць людзей на разумныя рэчы, на дабро, на веру, на нармальнае выхаваньне, тады людзі ня будуць цягнуцца ў гэты бок. На мой погляд, гэта проста мода, бо доўгі час гэта ўсё было невядома, забаронена. Я думаю, гэта хутка пройдзе...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG