Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Як вы можаце выхоўваць моладзь, калі ня можаце яе абараніць?!”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 31 студзеня, чацьвер.


Беларусь з двухдзённым візытам наведаў міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў. Выказваньне слухача Свабоды на гэтую тэму:

Пётр Сьцяпанавіч: “У Беларусь прыяжджаў міністар замежных справаў Лаўроў. На прэсавай канфэрэнцыі ён заявіў, што Расея і надалей будзе абараняць Беларусь. А якая абарона з боку Расеі патрэбна Беларусі, ад каго? Прэзыдэнт ЗША Буш паціскае рукі беларусам: Анатолю Лябедзьку, Паўлу Севярынцу і іншым палітыкам. Эўразьвяз уручае прэмію імя Сахарава таксама Беларусі: экс-кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Мілінкевічу. Дык што зьбіраецца Расея абараняць? Казаць трэба наўпрост: Расея будзе абараняць рэжым Лукашэнкі. І ня трэба блытаць Беларусь і Лукашэнку. Чаму прэзыдэнта Беларусі не прымае прэзыдэнт Злучаных Штатаў? Чаму яму не ўручае прэмію Эўразьвяз? Дык у гэтым вінаваты сам Лукашэнка. Чаму няма нашых беларускіх дэпутатаў у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы? Таксама вінаватыя самі дэпутаты. Злучаныя Штаты і Эўразьвяз склалі “чорны сьпіс” неўязных нашых вышэйшых чыноўнікаў на чале з прэзыдэнтам. Дык яны гэтага заслужылі самі. Вось і ўся абарона. Кіраўнік Міністэрства замежных справаў Лаўроў пераблытаў Божы дар зь яечняй”.

Міністэрства абароны паведамляе, што былы студэнт Зьміцер Жалезьнічэнка спыніў галадоўку і са шпіталя пераведзены ў вайсковую частку ў Жлобіне. Нагадаю, што Зьміцер трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць таго, што за грамадзкую дзейнасьць яго адлічылі з Гомельскага ўнівэрсытэту і тэрмінова прызвалі ў войска. Слухачы Свабоды працягваюць выказвацца на гэтую тэму.

Вайсковы пэнсіянэр Крышковіч, Менск: “Зьвяртаюся да Зьмітра Жалезьнічэнкі. Сынок, унук мой! Тваё здароўе спатрэбіцца незалежнай здаровай Беларусі. Веру, што гэты час блізка. Хацеў бы паглядзець у вочы рэктару Гомельскага ўнівэрсытэта імя Францыска Скарыны і міністру адукацыі спадару Радзькову. Няўжо і вы апусьціліся да мэнталітэту чалавека “чаркі і шкваркі”?! Тады Вам трэба займацца не навукамі, а вучыць моладзь махаць клюшкамі ці катацца летам на лыжах па асфальце. Ганьба вам, манкурты ад навукі!”

Спадарыня: “Зьвяртаюся да рэктара Гомельскага ўнівэрсытэта, зь якога выключылі маладога, здольнага студэнта. Вам павінна быць сорамна, вы вартыя пагарды. Як вы можаце выхоўваць моладзь, калі ня можаце яе абараніць?! Яны маладыя, могуць рабіць памылкі. А вы для таго і пастаўлены там, каб іх выхоўваць. Гэта вашы дзеці! Вы абавязаны стаць на абарону тых, каго перасьледуюць улады. Вы зламалі лёс маладога чалавека! І як вам цяпер сьпіцца?! І як да вас ставяцца вашы дзеці пасьля такога ўчынку?! Вы павінны пакінуць сваю пасаду! Вы яе ня варты!”

“Дзе ў Магілёве можна сустрэцца з прадстаўнікамі “Маладога фронту?” – такое пытаньне на Радыё Свабода паступіла праз СМС. На яго адказвае адна з актывістак “Маладога фронту” Тацяна Буланава:

“Каб сустрэцца з сябрамі “Маладога фронту” ў Магілёве, можна патэлефанаваць мне на тэлефон 747-98-44. Тэлефануйце, сустрэнемся і паразмаўляем. Дзякую”.

Працягваем праграму. Мітрапаліт Філарэт на сустрэчы з кіраўніком краіны, які прыйшоў на сынод праваслаўнай царквы, выказаўся за паляпшэньне дэмаграфічнага становішча ў краіне. Камэнтар слухачкі “Свабоды”.

Спадарыня: “Ідэя мітрапаліта забараніць аборты дзеля вырашэньня дэмаграфічнай праблемы ў Беларусі выклікае, мякка кажучы, непаразуменьне. У нашай рэчаіснасьці было б этычней казаць пра плянаваньне нараджэньня дзяцей. Пры нявырашанай жыльлёвай праблеме, матэрыяльных цяжкасьцях у многіх беларускіх сем’ях вымушанае дзіця, вельмі верагодна, будзе нелюбімым, лішнім ротам, якога да таго ж у будучыні чакае тая самая галеча і бяспраўе”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG