Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Халезін: “Пэрформансы выконваюць сваю ролю”


У Пружанах на Берасьцейшчыне актывісты дэмакратычнага руху правялі пэрформанс – адкрылі помнік ільготам. Такім чынам была зробленая спроба ізноў зьвярнуць увагу людзей на праблему адмененых ільготаў.


Удзельнікі жалобнай цырымоніі ўсклалі кветкі да бэтоннай пліты, на якой перад тым напісалі: “Ільготы. Памятаем. Любім. Смуткуем”.

“Паклалі кветкі, хвіліна маўчаньня – як і належыць, – расказвае адзін з удзельнікаў акцыі Ўладзімер Радзівончык. – З павагаю паставіліся да гэтага працэсу. У правінцыі людзям усё цікава, таму яны падыходзілі, і адразу ім было зразумела, што гэта такое. Мала каму трэба было дадаткова нешта тлумачыць”.

Пэрформансы – як рэакцыя на дзеяньні ўлады – сталіся адной з папулярных формаў пратэсту сучаснай палітычна актыўнай моладзі. Гэтак свой шматразовы ўдзел у акцыях тлумачыць актывіст “Моладзі БНФ” Алесь Каліта:

“Адзін з самых вялікіх пэрформансаў, у якім я удзельнічаў, – больш за сто чалавек. Мы ішлі ўздоўж праспэкту і чыталі “Нашу ніву”. Гэта была такая форма пратэсту супраць выключэньня газэты з падпісных каталёгаў. Тое ж самае рабіла моладзь, калі чытала Канстытуцыю насупраць будынку КДБ”.

Пачынальнікам палітычнага пэрформансу ў Беларусі шмат хто называе Алеся Пушкіна, які ў канцы 1980-х выходзіў на цэнтральны менскі праспэкт, абвязаўшыся чырвона-зялёным і бел-чырвона-белымі сьцягамі. А пры канцы 1990-х ён жа перакуліў вазок з гноем насупраць прэзыдэнцкай Адміністрацыі.

Акцыі палітычнай моладзі наступных гадоў паэт і пэрформэр Зьміцер Вішнёў называе дэвальвацыяй жанру:

“На той момант сама згадка пра пэрформанс лічылася знакам пратэсту. Сёньня ж у нас пачынаюць блытаць такія паняткі. Бо сам па сабе пэрформанс сёньня ўжо не зьяўляецца знакам палітыкі. Я цалкам за палітычную акцыю. Але калі пэрформансам называюць палітычную акцыю, то я лічу, што гэта не зусім правільна”.

Язда на лыжах па асфальце, пераапрананьне журналістаў у турэмную форму, павешаньне падручніка беларускай мовы адмыслоўцы ня схільныя лічыць мастацкім пэрформансам. Аднак кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін мяркуе, што падзяляць пэрформансы на мастацкія і палітычныя ня варта:

“У сучасным мастацтве такога падзелу няма – гэта ўсё пэрформансы. Пэрформансы сталі вельмі папулярнымі ў Беларусі – пра гэта кажуць і іншыя эўрапейцы. І тое, што імі займаюцца маладыя людзі, надае ім сваю тэмпэратуру. Пэрформансы зробленыя для таго, каб людзі больш размаўлялі пра тое, што адбываецца ў краіне. Пэрформансы сваю ролю выконваюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG