Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нашых” зачыняюць, ці наступіць чарга БРСМ?


Расейскія СМІ паведамляюць, што пракрамлёўскі рух “Нашы” спыняе сваё існаваньне ў звыклым выглядзе і будзе рэарганізаваны. Выглядае, што агрэсіўная і крыклівая моладзевая структура стала не патрэбная кіраўніцтву Расеі. Ці не чакае гэты самы лёс у пэўнай палітычнай сытуацыі і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі? Гутарка з публіцыстам Аляксандрам Класкоўскім.


Цыганкоў: “Крыніцы ў Адміністрацыі расейскага прэзыдэнта заявілі, што “Нашых” больш не плянуюць актыўна выкарыстоўваць у палітычных мэтах. Аляксандар, ці дапушчальна праводзіць паралелі ў расейскай і беларускай сытуацыі, ці можна з гэтага пункту гледжаньня прадказаць, што чакае БРСМ?”
Класкоўскі
: “Хаця абедзьве гэтыя арганізацыі, безумоўна, праўладныя, яны “заточаныя” пад розныя задачы. “Нашы” – гэта арганізацыя з “хунвэйбінаўскім” ухілам, яна была створаная для вулічных акцыяў супраць дзеяньняў апазыцыі, для закідваньня яйкамі замежных амбасадаў і гэтак далей – карацей, каб вырашаць пераважна піяраўскія задачы. Відаць, Крэмль у разьвіцьці сваёй “кіраванай дэмакратыі” дасягнуў такіх посьпехаў, што дапамога “нашых” больш не патрэбная.

А вось БРСМ – гэта больш масавая і бюракратычная структура, тут у большай ступені скарыстоўвалася матрыца камсамолу. Яны таксама арганізоўвалі нейкія пікеты, але вельмі млява. Бо задачы ў іх зусім розныя. Калі згадаць лексыку камсамольскіх функцыянэраў, то ў іх быў такі выраз – “ахоп членствам”. Думаю, яго цалкам можна экстрапаляваць на БРСМ, то бок задача –ахапіць моладзь дзеля забесьпячэньня ляяльнасьці. Задача гэтая будзе заставацца актуальнай, таму БРСМ і надалей будзе мець падтрымку”

Цыганкоў: “БРСМ прайшла пэўную эвалюцыю ў сваёй гісторыі, і цяпер гэта такая бюракратычная структура, якая залежыць ад дзяржаўнага фінансаваньня. У разе зьмены эканамічнай сытуацыі, зьмены палітычных задач ці будзе актыўна мяняцца роля БРСМ, ці ў сёньняшняй улады заўсёды будуць знаходзіцца грошы на такія структуры?”

Класкоўскі: “Я думаю, грошы будуць знаходзіцца – калі што, дык адарвуць ад чарнобыльцаў і пэнсіянэраў нейкія льготы. Дарэчы, калі ўжо згадваць, то БРСМ праваліў тэрміны выхаду на самаакупнасьць – яны, паводле даручэньня Лукашэнкі, ужо ў 2005 годзе павінны былі жыць цалкам на свае грошы, але цяпер гэты тэрмін перасунуты ажно на 2011 год.

У кіроўных вярхоў ёсьць патрэба найперш “павязаць” моладзь нейкай фармальнай адказнасьцю. У сёньняшняй сытуацыі, калі падае ступень падтрымкі уладнай палітыкі, асабліва патрэбныя нейкія абручы ў выглядзе фармальнага сяброўства ў псэўдаграмадзкіх структурах, каб гэтая сыстэма не рассыпалася”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG