Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кратамі больш як два дзясяткі апазыцыянэраў


У турме на вуліцы Акрэсьціна застаюцца больш за два дзясяткі апазыцыянэраў.


Сярод іх прадпрымальнікі, затрыманыя 21 студзеня падчас разгону акцыі на плошчы Незалежнасьці, а таксама актывісты незарэгістраваных моладзевых арганізацыяў, якіх затрымалі 16 студзеня ў Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі.

Сёньня з турмы на вуліцы Акрэсьціна на волю выйшла актывістка руху “Джынс за свабоду” Тацяна Цішкевіч. Дзяўчыну арыштавалі за ўдзел у акцыі 10 студзеня, калі больш як дзьве тысячы чалавек выйшлі на вуліцу, пратэстуючы супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу.

Тацяна вучыцца на другім курсе ўнівэрсытэту фізычнай культуры на трэнэра коннага спорту. Яе тройчы затрымлівалі падчас вулічных акцыяў і кожны раз пры гэтым зьбівалі. Гэтым разам дзяўчына ў судзе казала, што яе білі па галаве і па твары. На куртцы засталіся сьляды крыві.

Яе адзіную арыштавалі на 20 сутак.

Гаворыць актывістка моладзевага руху Ірына Тоўсьцік:
Я думаю, што ёй не шанцуе таму, што яна шмат падавала скаргаў, і ёй помсьцяць за тое, што яна адстойвае свае правы.


“Чамусьці менавіта ёй не шанцуе. Я нават думаю, што не шанцуе таму, што яна шмат падавала скаргаў, і ёй помсьцяць за тое, што яна адстойвае свае правы. Яе запомнілі ня толькі актывісты моладзевага руху, але й супрацоўнікі АМОН, судзьдзі”.

31 студзеня на волю выйдуць актывісты некалькіх моладзевых арганізацыяў, якіх арыштавалі 16 студзеня. Маладых людзей затрымалі прэвэнтыўна на катку, каб ня даць ім правесьці акцыю салідарнасьці з Артурам Фінькевічам. Абвінавацілі іх у дробным хуліганстве.

Гаворыць Павал Севярынец:

“Акрэсьціна” сапраўды пераўтварылася ў канвэер. Практычна няма часу, калі нехта з моладзевых актывістаў, прадпрымальнікаў, актывістаў партыяў не сядзеў бы. На жаль, усё больш і больш відавочнай робіцца амаральнасьць рэжыму. Дзяўчат, якія добра вучацца, верніц, схапілі на вуліцы, абвінавацілі ў тым, што яны лаяліся матам, трымаюць 15 сутак у нечалавечых умовах... З разьбітымі шыбамі, там, дзе хваробы, не даючы ім выйсьці на сьвежае паветра... Проста брыдка ад гэтага ўсяго”.

16 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну затрымалі моладзевых актывістаў партыі БНФ. Сярод іх быў Франак Вячорка. Яго таксама абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.

Гаворыць Вінцук Вячорка:

“Правілы ўтрыманьня выконваюцца аднабакова. З аднаго боку, забаронена перадаваць ежу, і яе сапраўды немагчыма перадаваць. З другога боку, павінны быць пасьцельныя прылады, шпацыр і шмат іншых дабротаў цывілізацыі, якіх, зразумела, няма. А яшчэ холад. Дай Божа, каб дзеці хаця б здаровымі павыходзілі, не прастудзіліся, не папсавалі страўнікі і зрок. Я бачу ў гэтых паводзінах уладаў імкненьне аслабіць нашу сьвядомую, адукаваную, разумную моладзь, у тым ліку і фізычна”.

За кратамі цяпер больш за два дзясяткі чалавек. Ад 1 лютага застануцца адбываць арышты толькі ўдзельнікі акцыі 21 студзеня. Пераважна гэта прадпрымальнікі зь Менску і з рэгіёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG