Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Уладзе патрэбныя ворагі – іначай яна ня выжыве”


Агляд тэлефанаваньняў за 29 студзеня.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелі ў тыднёвым аглядзе тэлефанаваньняў.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Грамадзкага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнку перавялі ў кардыялягічнае аддзяленьне шпіталю. Ён скардзіўся на пераменлівы ціск крыві і галаўны боль. З 25 студзеня Зьміцер трымае галадоўку на знак пратэсту супраць паўторнага адлічэньня з унівэрсытэту і тэрміновага прызыву ў войска.

Спадарыня: “Калісьці Лукашэнка казаў: “За мазгі трэба плаціць”. Няхай і плаціць. Сёньня чалавека выгналі з унівэрсытэту, гэтага хлопца Жалезьнічэнку. І што? У войска забралі, ганяюць гэтага чалавека. Разумны чалавек, ды павінен сядзець у турме. А можа, гэта нейкі будучы вучоны нашай Беларусі?! А ўсялякія падонкі па вуліцам разгульваюць, страшна адной хадзіць. Але іх ніхто не бярэ, нікому яны не патрэбныя. Што гэта за дзяржава?! Чорт іх ведае”.

Увагу слухачоў прыцягнуў страйк польскіх мытнікаў. Яны патрабуюць падвышэньня заробку і паляпшэньня ўмоваў працы. Чэргі грузавых аўтамабіляў з абодвух бакоў мяжы апошнімі днямі цягнуліся на дзясяткі кілямэтраў.

Спадарыня: “Да страйку польскіх мытнікаў. Прэзыдэнт Польшчы, таксама і размаўляючы па-польску, не дапусьціць, каб зьбівалі, кідалі ў халодныя камэры палякаў, людзей, які патрабуюць сваім правам большага. Вырашаюць перамовы. Але ў Беларусі пратэстуюць ад адчаю. І кіруючы ўнутранымі справамі Польшчы, а таксама размаўляючы па-польску, паляк не зьняважыць суайчыньнікаў. Іх выхавала Канстытуцыя і павага да людзей. Ваша слухачка сказала ўчора, што калі б наш прэзыдэнт быў беларус, то мы не хадзілі б у ашыйніках. Цяжкая праўда”.

Андрэй, Пінск: “Хачу выказацца наконт таго, як у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі нам падаюцца навіны.... Той самы страйк польскіх мытнікаў падаецца так, нібыта яны сваім страйкам наносяць урон іншым краінам, ствараюць цяжкасьці грузаперавозчыкам. А што казаць пра тое, як наш прэзыдэнт некалькі гадоў таму сярод зімы загадаў перакрыць газ з Расеі ў Эўропу, таксама стварыўшы шмат праблемаў іншым дзяржавам і парушыўшы ўсе міжнародныя правы? Я думаю, перш чым крытыкаваць іншых, трэба паглядзець на сябе, а потым выказваць нейкія заўвагі на адрас іншых”.

28 студзеня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Уладзімер, Мазыр: “26-га раніцай вы прысьвяцілі перадачу вызваленьню з-пад адміністратыўнага арышту. Сярод 20 вызваленых назвалі аднаго прадпрымальніка... Складаецца такое меркаваньне, што моладзь з кола лайдакоў ідзе на любыя правапарушэньні, каб толькі вы іх назвалі па радыё. А заклікі Івашкевіча да Эўропы ўзмацніць санкцыі ў адносінах да Беларусі?! Мы ведаем, чаго дабіўся Ярашук, так званы лідэр свабодных прафсаюзаў. Лёгкую прамысловасьць паставілі ў жорсткія ўмовы... У ніводнай краіне няма такой апазыцыі, якая б працавала на шкоду свайму народу”.

У працяг дыскусіі – тэлефанаваньне нашага сталага слухача Аляксандра Яцкевіча зь Віцебску:

Яцкевіч Аляксандар Анатолевіч, Віцебск: “Я хачу адказаць аднаму слухачу. Ён сказаў, што ў ніводнай краіне няма такой апазыцыі, якая б была настолькі супраць свайго народу, сваёй дзяржавы. Я хачу яму адказаць: у ніводнай краіне няма такой улады, каб так зьдзекавалася са сваіх людзей. А апазыцыянэры ёсьць розныя: адны дзеля сваіх перакананьняў ідуць у апазыцыю, а іншых сама ўлада штурхае, штучна гэта робіць. Уладзе патрэбныя ворагі, іначай яна ня выжыве. Як вільгаці ня будзе, глеба перасохне, як ворагаў ня будзе, дык улада здохне”.

Сёньня мы таксама атрымалі такое тэлефанаваньне:

Пяскоўскі, Гомель: “Прашу выслухаць мой пункт погляду на сытуацыю ў Беларусі. Беларусь з 10 мільёнамі жыхароў геаграфічна разьмешчана ў цэнтры Эўропы. І вось ужо другое дзесяцігодзьдзе, як яна зьяўляецца закладніцай у групы людзей на чале з Лукашэнкам. У краіне ўсе гэтыя гады пастаянна нахабна парушаюцца правы і свабоды чалавека, якія закладзеныя ў асноўным законе — Канстытуцыі. Адбываецца сапраўдны генацыд і глум зь беларускага народу. Жабрацкія пэнсіі і заробкі, адабраныя мізэрныя льготы ў пэнсіянэраў, ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, удзельнікаў вайны ў Аўганістане; рэпрэсіі прадпрымальнікаў, пастаянны рост цэнаў, зьнішчэньне беларускай мовы, беларускай культуры і гісторыі Беларусі. Усё гэта паўсюдна выклікае абурэньне ў народа Беларусі. На шматлікія мітынгі і акцыі пратэсту Лукашэнка адказвае масавым зьбіцьцём мітынгоўцаў АМАПам, спэцназам, міліцыяй, шматлікімі арыштамі, зьняволеньнем іх у турмах і ізалятарах.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG