Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Многія журналісты баяцца пісаць праўду…”



24 студзеня ў Менску стартавала кампанія “Эўрапейская Беларусь”, якая мае на мэце паспрыяць уваходу Беларусі ў Эўразьвяз. Ініцыятары кампаніі заявілі пра намер ладзіць вулічныя акцыі, зьбіраць подпісы насельніцтва, а таксама распаўсюджваць агітацыйную літаратуру.

Спадар: “Паважаная рэдакцыя “Свабоды”, вельмі хочацца запытаць у тых, хто ўвесь час кажа пра “эўрапейскі шлях”. У 18 стагодзьдзі хіба не Эўропа зьнішчыла Вялікае Княства Літоўскае, прадала яго Расеі?! Хіба не Эўропа ў вобразе Францыі прыйшла на нашыя землі і скарыстала падман, каб беларусы на Барадзінскім полі білі адзін аднаго ў інтарэсах той самай Эўропы?! Хіба не Эўропа на пачатку 20 стагодзьдзя ў Рызе дзяліла наш край па жывому?! Хіба не Эўропа спрычынілася да пакту Молатава-Рыбэнтропа, і па гэтым пакце Беларусь ужо была аб’яднаная па жывому, і мільёны людзей былі рэпрэсаваныя?! Хіба не Эўропа зрабіла так, што межы сталі непарушнымі, і ні Віленшчыны нам не пабачыць, ні Смаленшчыны?! І, вядома, калі Эўропа цяпер клапоціцца пра незалежнасьць Косава, гэта адно. Але вось на незалежнасьць Беларусі ёй глыбока напляваць”.

Развагі слухача камэнтуе адзін з ініцыятараў кампаніі “Эўрапейская Беларусь”, лідэр аргкамітэту ў справе стварэньня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч.

Статкевіч: “Шаноўны слухач блытае боб з гарохам. Што разумець пад Эўропай? У тыя стагодзьдзі Эўропа падзялялася на шмат дзяржаваў, якія ваявалі паміж сабой. Зараз мы можам ужываць словы “аб’яднаная Эўропа”. Яна ўзьнікла пасьля другой усясьветнай вайны. Яна набыла форму Эўрапейскага зьвязу. Гэтая Эўропа ніякага дачыненьня да таго, што было сказана, ня мае. Вучыце гісторыю”.

На чарзе — водгук на адну з нашых праграмаў.

Міхаіл Леках, Рыга: “Я праслухаў сёньня перадачу, у якой спадар намесьнік старшыні партыі БНФ Івашкевіч казаў пра тое, што Беларусь атрымлівае крэдыты з Захаду. Так, атрымлівае ў прыватных банках. Для мяне гэта не навіна. Яшчэ ён казаў, што трэба зрабіць захады, каб крэдыту не давалі. Гэта мяне ня проста засмуціла, а абурыла. Гэтыя ж грошы ідуць на ўтрыманьне дзіцячых дамоў, лякарняў, на пэнсіі, дарогі і гэтак далей. Дык што, спадар палітык Івашкевіч лічыць, што дзеля асабістых інтарэсаў можна задушыць беларускі народ і Беларусь?! Я абураны такой заявай і тым больш такімі дзеяньнямі!”

Слухачу адказвае Віктар Івашкевіч:

Івашкевіч: “Паважаны слухач блытае Лукашэнку зь Беларусьсю і беларускім народам. Ды вось, камэрцыйныя крэдыты ідуць не на карысьць беларускага народу, а на падтрыманьне асабістай улады Лукашэнкі. Я адрозьніваю інтарэсы Лукашэнкі і беларускага народу”.

Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі слухачоў — праблемы прадпрымальнікаў. 21 студзеня міліцыя разагнала чарговую акцыю пратэсту дробных бізнэсоўцаў. Затрыманых пакаралі штрафамі і арыштамі на розныя тэрміны.

Спадар: “У Якуціі і на Чукотцы шаманы грукаюць у барабаны. Спачатку адганяюць злых духаў, а потым, калі ўваходзяць у экстаз, завуць добрых духаў і просяць дапамогі ў іх. Нешта такое было і ў нас у Беларусі 21 студзеня на плошчы Незалежнасьці. Па камандзе міністра МУС Навумава АМАП пачаў дубасіць палкамі па шчытах, пужаць злых духаў у асобе прадпрымальнікаў. Бачачы, што прадпрымальнікі не спужаліся гэтага грукату, яны распачалі хапун. Генэрал Навумаў асабістым прыкладам паказваў сваім падначаленым, як трэба выконваць падпісаны ім загад пра “культурнае” абыходжаньне” работнікаў з грамадзянамі. Мітынг разагналі. Прадпрымальнікаў — у турму. Нашыя міністры, якія адказваюць за эканоміку Беларусі, шукаюць інвэстараў, каб тыя ўкладалі грошы ў разьвіцьцё прадпрыемстваў. Атрымліваецца нейкая супярэчнасьць: адны міністры шукаюць, а іншы міністар-сілавік, барабанячы палкамі па шчытах на ўсю Эўропу, разганяе гэтыя інвэстыцыі”.

Мы працягваем атрымліваць водгукі на прысуд намесьніку галоўнага рэдактара газэты “Згода” Аляксандру Зьдзьвіжкову. Яго пакаралі трыма гадамі калёніі за тое, што ён перадрукаваў карыкатуры на прарока Мухамада.

Анатоль, Барысаў: “Я хачу выказацца наконт суду над Аляксандрам Зьдзьвіжковым. У нас краіна сьвецкая, а таксама можна прапагандаваць рэлігію і весьці антырэлігійную прапаганду”.

Спадар: “Божа! Што гэта робіцца?! Зьдзьвіжкова пасадзілі, прадпрымальнікаў б'юць! Божа, выратуй маю краіну ад гэтага рэжыму! І чаму пры колькасьці ў 200 тысячаў на мітынг выходзіць самая малая іх частка?! І яшчэ я хацеў бы дадаць, што многія журналісты баяцца пісаць праўду, падстрахоўваюцца — і атрымліваецца, што праўду людзям мала даносяць”.

Сёньня мы таксама атрымалі наступныя тэлефанаваньні:

Іван Карпавіч, Менск: “Я хачу выказацца наконт будаўніцтва АЭС. Канечне, гэта будзе экалягічна чыстая энэргія. Але ні ў якім разе нельга браць тэхналёгію Расеі для будаўніцтва дадзенага аб'екту. Гэта па-першае. Па-другое. Трэба тэхналёгіі Францыі або Нямеччыны. У іх тэхналёгіі адпрацаваныя, і ніякіх аварыяў ніколі не было. Трэцяе. Нашым людзям і нашаму кіраўніцтву займацца яе будоўляй ні ў якім разе нельга. Таму што ў нас карумпаваная дзяржава, зладзейская, падманная. Усё расьцягнуць. А яшчэ ня трэба забывацца, што гэта не кватэра і ня дом, якія могуць рассыпацца, а атамная электрастанцыя. Там тэхналёгіі трэба трымацца ўвесь час!”

Спадарыня: “Я хачу зьвярнуцца да нашага прэзыдэнта. Аляксандар Рыгоравіч, як вам ня сорамна не даваць адказаў на лісты, якія вам пішуць дзеці? Прайшло болей за 12 дзён, як вам даслалі ліст. Дзіця адказу так і не атрымала. Чаму?! Вы баіцеся за сваіх чыноўнікаў, што вам дзеці пішуць праўду? Што гэта такое? Чаму няма ніякай справядлівасьці?”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG