Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будзе свой “Інстытут нацыянальнай памяці”


У Менску заснаваны аргкамітэт для стварэньня грамадзкай арганізацыі “Інстытут нацыянальнай памяці”. Адначасна аднаўляе працу грамадзкі трыбунал для дасьледаваньня злачынстваў сталінізму ў Беларусі.


Грамадзкая арганізацыя “Інстытут нацыянальнай памяці” ствараецца з мэтай працягнуць распачатыя сябрамі аргкамітэту дасьледаваньні пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў. Таксама інстытут мае дасьледаваць праблемы і папулярызаваць дасягненьні беларускай нацыі, пачынаючы ад Рэчы Паспалітай і да сёньняшніх дзён, кажа адзін з заснавальнікаў, пісьменьнік Васіль Якавенка:

“Растапыранымі пальцамі нічога ня зробіш. А таму неабходна здаровыя нацыянальныя сілы зьбіраць у кулак. Да прыкладу, у Польшчы ёсьць “Instytut Pamięci Narodowej” — дзяржаўная ўстанова. У нас — грамадзкая. Таму дзяржава павінна была б вітаць нашу ініцыятыву і дапамагаць. Бо гэта ўсё будзе працаваць на незалежнасьць нашай краіны”.

Адначасна ў Менску аднаўляе працу грамадзкі Трыбунал для асуджэньня злачынстваў сталінізму ў Беларусі. Цягам двух гадоў ён праходзіў у форме слуханьняў і перапыняўся ў зьвязку з правядзеньнем жалобных імпрэзаў да 70-годзьдзя кульмінацыі рэпрэсіяў. Аднак гэтая праца па-ранейшаму застаецца актуальнай, кажа навуковец Ігар Кузьняцоў:

“Мы зноў вяртаемся да тае праблемы, якая прывяла да найвялікшых чалавечых ахвяраў. Бо ў жыцьцё ўваходзяць новыя пакаленьні, а ў падручніках гэтай тэмы няма або яна падаецца ў скажоным выглядзе. Пытаньне стаіць так, што гэтая праблема вечная”.

Таксама сёлета Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў заснавала прэмію імя Францішка Аляхновіча. Узнагароджваць ёю будуць за актыўную працу ў справе ўшанаваньня памяці ахвяраў камуністычнага тэрору. Мэта гэтай прэміі простая і зразумелая, гаворыць старшыня таварыства Антон Астаповіч:

“Дзяржава гісторыяй палітычных рэпрэсіяў, асабліва сталінскіх, не займаецца і не цікавіцца імі. Таму гэтая прэмія – каб стымуляваць людзей, аддаваць пашану тым, хто займаецца гэтай праблемай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG