Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: З. Жалезьнічэнку паўторна адлічылі з унівэрсытэту


Загад на адлічэньне студэнта-выдатніка з трэцяга курсу матэматычнага факультэту падпісаў 22 студзеня рэктар Аляксандар Рагачоў.



Актывіста зноў абвінавацілі ў парушэньні ўнівэрсытэцкіх Правілаў унутранага распарадку і ў невыкананьні загаду рэктара наконт недапушчэньня парушэньняў грамадзкага парадку.

Папярэдняе сваё адлічэньне Жалезьнічэнка абскардзіў у судзе і быў адноўлены ва ўнівэрсытэце 18 студзеня. Студэнтам, аднак, ён пабыў усяго чатыры дні.

З нагоды чарговага адлічэньня прадстаўнікі рэгіянальнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў накіравалі рэктару ўнівэрсытэту прафэсару Рагачову адкрыты ліст, у якім патрабуюць адмяніць загад пра адлічэньне Зьмітра Жалезьнічэнкі “як палітычна матываваны”.

“Цягам стагодзьдзяў унівэрсытэты зьяўляліся апірышчам прагрэсу й вальнадумства. Прызнанае судом незаконнае адлічэньне Зьмітра Жалезьнічэнкі ў верасьні 2007 году, як і пасьпешлівасьць выданьня загаду ад 22 студзеня 2008 году, сьведчыць пра тое, што дадзеная справа носіць выключна палітычны характар і выклікана ўдзелам студэнта ў грамадзка-палітычным жыцьці горада Гомеля й Беларусі”, — гаворыцца ў адкрытым лісьце.

На сёньня на 8 гадзінаў раніцы Зьмітру Жалезьнічэнку была выпісана позва ў ваенкамат. Але з прычыны захворваньня адлічаны студэнт на службу не прызваны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG