Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзей зьбівалі, каб наступны раз яны ня вышлі на мітынг”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Мітынг прадпрымальнікаў у Менску 21 студзеня быў гвалтоўна разагнаны супрацоўнікамі міліцыі. Разгон адбываўся пад непасрэдным кіраўніцтвам міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. Прадпрымальнікі заяўляюць, што ізноў выйдуць на вуліцу 18 лютага. Выказваньне слухачкі на гэтую тэму:

Спадарыня: “21-га натоўп складалі ў асноўным дзяўчаты і жанчыны, “кісейныя паненкі” да 35 год, якіх уразіў бы адзін грукат навумаўскіх “касманаўтаў”. Чаму ж тады зьбівалі? Таму што 21-га было людзей менш, чым 10-га. Працавалі дзеля таго, каб 18-га і гэтыя ня выйшлі”.

У Беларусі прынялі канчатковае рашэньне пра будаўніцтва ў краіне атамнай электрастанцыі. Камэнтар слухача:

Спадар: “ Пры пабудове атамнай электрастанцыі трэба ўлічваць яшчэ адзін чыньнік: чуму 21 стагодзьдзя – тэрарызм. Тэрарысты зруйнавалі Ўсясьветны гандлёвы цэнтар, амаль зьнішчылі Пэнтагон. А што такое рэактар? Гэта такі самы будынак. Адзін кропкавы ўдар — і вось вам, то бок нам, другі Чарнобыль. Дарэчы, дзе гарантыя, што Чарнобыль не тэрарысты ўзарвалі? Ніхто ж там ня быў і ня бачыў. Можа, там расейскае ФСБ, тады яшчэ КДБ, праводзіла вучэньні?”

Супрацоўнікі камітэту дзяржбясьпекі краіны выклікаюць на допыты моладзевых актывістаў, якія выяжджаюць за межы Беларусі для ўдзелу ў міжнародных сэмінарах. Меркаваньне слухача:

Спадар: “Выезд за мяжу прадстаўнікоў не ад дзяржавы на канфэрэнцыі, сэмінары трэба разглядаць як выезд на кансультацыю для таго, каб пасьля вярнуцца і сабатажнічаць у краіне, рабіць недазволеныя прыёмы. Гэтыя мэтады трэба спыніць: калі ён вернецца з гэтай канфэрэнцыі, даць яму такі штраф, каб яму дрэнна было. Ёсьць дзяржава, і няхай ад імя дзяржавы езьдзяць. Вось маё меркаваньне. Хопіць свавольства!”

Выказваньне камэнтуе праваабаронца і юрыст Уладзімер Лабковіч:

“Зразумела настальгія сталага чалавека па былых часах, калі мяжа была на замку. Чалавек хоча адмяніць Канстытуцыю, дзе запісана права грамадзян на свабоднае перамяшчэньне, права атрымоўваць альтэрнатыўную інфармацыю. З прававога гледзішча — гэта жаданьне абмежаваць правы і законныя інтарэсы грамадзян. Пасьля некаторых зьменаў у беларускае заканадаўства, перадусім у крымінальны кодэкс, пра адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі я пазьбягаю той думкі, што былыя часы ня вернуцца. У нашай краіне ўсё можа быць”.

У Беларусі прынятая дзяржаўная інвэстыцыйная праграма на 2008 год. Паводле гэтага дакумэнту, на спартовы комплекс “Мінск-Арэна” сродкаў вылучана ў пяць разоў больш, чым на праграму “Дзеці Беларусі”. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Яцкевіч Аляксандар Анатолевіч, Віцебск: “Добры дзень, Радыё Свабода! Я неяк чуў, што “бацька” хоча зрабіць гэты год Годам здаровага дзіцяці. Дык няхай ён спачатку патлумачыць свой указ, паводле якога дзіця, інвалід дзяцінства, можа падлячыцца толькі раз на два гады. А так яму пуцёўку не даюць. Вось мы “праляцелі” з такой пуцёўкай летась і ня ведаем, што будзе сёлета. Наўрад ці што будзе, хутчэй за ўсё. Будуць аблвыканкамы і райвыканкамы адпачываць, чыноўнікі. А дзеці будуць занядбаныя.”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG