Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 22 студзеня


Агляд сеціва


Блогерка zmagarka разьмясьціла ў сваім дзёньніку сьпіс пакараных за ўдзел у мітынгу і шэсці, якія адбыліся 21 студзеня ў Менску. Сьпіс гэты ўвесь час абнаўляецца. Гэта памедаленьне патрапіца ў трыццатку найбольш чытаных паводле запытаў парталу yandex.ru

У суполцы Жывога журналу by_politics карыстальнік head_of_babulka піша пра ўчорашнюю акцыю пратэсту: “У цэлым, мітынг адбыўся звыкла ўдала: ніводная з мэтаў не была дасягнута, незлічоную колькасьць народу ні за што пасадзілі, дыктатура ў чарговы раз была практычна зломленая».

fox_unexisted камэнтуе: “Адрозьненьне насамрэч у тым, што «касманаўты» цяпер таксама крычаць лёзунгі. У наступны раз яны напэўна са сваімі сьцягамі прыдуць!»

sai17: “Цікава! Запісваць усіх тых, хто баіцца падняць галаву, у разрад быдла — гэта, канешне, занадта. Акрамя быдла, многа тых, каму ёсьць што губляць, хоць і не падабаецца тое, што адбываецца».

v_klimovich: «Я прыеду з Гомля, прывязу з сабой сяброў. Але здарыцца гэта тады, калі я буду верыць хоць аднаму з лідэраў і падтрымаю яго і сябе, калі ў яго, лідэра, будзе гатовы рабочы плян дзеяньняў, вывераны тактычна і стратэгічна. Калі нашы дзеяньні змогуць прывесьці да рэальнага выніку. А пакуль усё гэта — біцьцё галавой аб бэтонную сьцяну, з нерэальнай мэтай прабіць яе».

Наведнікі форумаў парталу tut.by абмяркоўваць паведамленьне Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі пра тое, што індэкс цэнаў на харчовыя тавары ў сьнежні 2007 году ў адносінах да сьнежню 2006 году вырас на 15,9%.

Борменталь 888: “Мне заўсёды было цікава, дзе гэтыя людзі з Міністэрства статыстыкі і аналізу жывуць і дзе яны схітраюцца набываць па такіх коштах? Не, усё ж мы жывем у паралельных сусьветах».

Землянин: “Нарэшце, вельмі хацеў убачыць рэальныя лічбы, і то некаторыя заніжаныя. Рэальная інфляцыя каля 20%, а можа і вышэй, толькі па прадуктах харчаваньня».

Дмитрий Долбик: “Якія добрыя кошты... Дзе б такія ў Менску знайсьці?»

lаrа: “Дастаткова выкласьці тут скан чэку любой крамы, і ўсе іх радасныя 14% росту коштаў ператворацца па меншай меры ў 24, а то і вышэй. Кошты на некаторыя тавары ўзрасьлі ледзь не ўдвая. Калі спыніцца гэтае ашуканства, калі ўжо людзі задумаюцца аб рэальным жыцьці, а не аб тым, якое ім па тэлевізары паказваюць».

Сайт народных навінаў Віцебску сёньня паведамляе: «Апошняе на тэрыторыі Віцебшчыны прыватнае прадпрыемства па запраўцы аўтамабіляў палівам добраахвотна пазбавілася ліцэнзіі. Ня вытрымаўшы бессэнсоўнай з пункту гледжаньня рынкавай эканомікі набыцьця па фіксаваным кошце паліва ў прадаўца-манапаліста і продажу яго зноў жа па строга ўстаноўленаму кошту, ААТ “Дорсервис”, якое знаходзілася на бойкім месцы ля вёскі Перавалачная каля аўтатрасы Берасьце-Масква, аб'явіла аб здачы ўласнай інфраструктуры ў арэнду тым, хто жадае разбагацець на навары ў 20 тысяч рублёў з кожнай тоны прададзенага бэнзіну».

Андрэй на сайце Менсктрансу спрабуе высьветліць яму незразумелае: «Хто ўсё-такі мае права на бясплатны праезд? А то цікава атрымліваецца, бабулькі зь дзядулькамі набываюць поўны білет, а ружовашчокія малойцы, аніяк не інваліды, паказаўшы нейкае плястыкавае пасьведчаньне, спакойна едуць; мужычок з баначкай піва — чырвоненькую кніжачку, і тое ж самае. Што адбываецца? Ці льготы адмянілі толькі для пэнсыянэраў і студэнтаў, як для найбольш забясьпечаных слаёў грамадзтва?»

На сайце водгукаў, ідэй і прапаноў otzyvy.by нехта Яна Арцемьева скардзіцца на санаторый імя Леніна: «За ўсё жыцьцё гэта быў самы горшы мой адпачынак!.. Ежа на стале стаіць ужо халодная, плоў ляжыць вялізнымі камкамі! Суп — гэта незразумелая жыжа з рысу незразумела з чым... Ні фруктаў, ні салатаў няма... На навагоднім банкеце, за які заплаціла 1.200 расейскімі рублямі, не было нават шампанскага. За 9 дзён так званага лячэньня палова выпала, бо ва ўсіх, спадарства, адпачынак! У нумарах стаяў такі холад, што спалі ў шубах! Няма чаго казаць ужо пра тое, каб элемэнтарна прыняць душ».

Блогер victorgr ва ўласным дзёньніку са спасылкай на артыкул з Вікіпэдыі “Crime in the United States» разьмясьціў табліцу, якая паказвае колькасьць забойстваў у год на 100.000 насельніцтва ў розных краінах: Расея — 22, Беларусь — 10, Злучаныя Штаты — 5,5, Чэхія — 2, Канада — 1,9, Вялікабрытанія — 1,4, Канада — 1.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG