Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Івашкевіч: “Гэта дэманстратыўная рэпрэсія”


Прысуд былому намесьніку рэдактара газэты “Згода” Аляксандру Зьдзьвіжкову камэнтуюць беларускія палітыкі й журналісты.


Жорсткі прысуд Аляксандру Зьдзьвіжкову камэнтуе былы палітвязень, намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. У 2002 годзе яго як рэдактара газэты “Рабочы” асудзілі на два гады “хіміі” за артыкул, які нават ня трапіў да чытачоў.

“Гэта дэманстратыўнае ўзмацненьне рэпрэсій з мэтай запалохваньня. Усё гэта магло вырашацца празь нейкія штрафы. Але прысуд — калёнія ўзмоцненага рэжыму — гэта дэманстратыўная рэпрэсія. Гэтаксама як перад мітынгам прадпрымальнікаў ідуць павальныя арышты. Я думаю, што цяпер распачаўся рэпрэсіўны пэрыяд. У няўстойлівыя часы так і бывае — то адліга, то рэпрэсіі”, — лічыць Віктар Івашкевіч.

Шэф-рэдактар незалежнай газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна лічыць, што цяпер журналістам незалежных мэдыяў давядзецца працаваць у яшчэ больш жорсткіх умовах.

“Я проста ў шоку. Я лічу, што менавіта падобныя прысуды і распальваюць у краіне міжнацыянальную і рэлігійную варожасьць. Таму што ніякай лёгіцы гэты прысуд проста не паддаецца. Таму, што адбылося ў судзе, не адпавядаюць наступствы друкаваньня гэтых карыкатураў. Гэта вельмі непрыемны для нас сыгнал. На жаль, спраўджваюцца прагнозы, якія мы рабілі пры канцы мінулага году, што нічога добрага чакаць нам не даводзіцца. Паколькі замест штрафаў пачаліся канкрэтныя тэрміны ў калёніі”.

Былы палітвязень Мікола Статкевіч наступным чынам тлумачыць прысуд Аляксандру Зьдзьвіжкову:

“Улада баіцца, што ў той эканамічнай сыстэме, якую яна стварыла, на якую абапіраецца, непазьбежна ў выніку скарачэньня зьнешніх датацыяў адбудзецца рост сацыяльнай напружанасьці. Таму яна імкнецца запалохаць незалежнае грамадзтва, запалохаць апазыцыю, запалохаць незалежныя мэдыі. Таму такі жорсткі, неадэкватны прысуд”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG