Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эратычны фільм пра Лукашэнку амаль гатовы, але…


"Эратычная бомба", якую ў Маскве зьбіраліся ўжыць супраць Аляксандра Лукашэнкі, мяркуючы з усяго, абясшкоджаная.


Расейскі рэжысэр Аляксандар Валаў, аўтар скандальных стужак "Юлія" і "Міша" з героямі, падобнымі да прэм'ер-міністра Ўкраіны Юліі Цімашэнкі і прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, пры канцы 2006 году аб'явіў пра здымкі эратычнага фільму "Бацькава шчасьце", дзе прататыпам – кіраўнік Беларусі. Аднак стала вядома, што пад пагрозаю вялікіх непрыемнасьцяў Валаву настойліва парэкамэндавалі спыніць вытворчасьць фільму.

Адпачатку сюжэт стужкі "Бацькава шчасьце" плянаваўся такі. У беларускай глыбінцы працуе старшыня калгасу Лука. У яго, апроч працы, два захапленьні – спорт і жанчыны. Але ў калгас мае прыехаць замежная дэлегацыя, і Лука, каб падтрымаць рэнамэ, выклікае з Масквы мадэляў, якіх пераўвасабляе ў даярак. Сэнс у тым, каб паказаць гасьцям: у гаспадарцы ўсё выдатна ня толькі ў эканамічным пляне, але й працаўніцы тут на зайздрасьць. "Маскоўскія даяркі" павінны былі стаць эратычным фонам у "Бацькавым шчасьці".

«Кіна ня будзе», а то «пасадзяць»

Усяго, паводле задумы рэжысэра Аляксандра Валава, меркавалася шэсьць эратычных сцэнаў, уключна з "шокавым" эпізодам у кароўніку. Але, як кажа аўтар, ад канца мінулага году амаль гатовы прадукт "замарожаны":

"Фільм забаронены, прыпынены. Мяне проста папрасілі, каб я стужку спыніў здымаць, і яна засталася незавершанай. Паказальна, што чалавек, які павінен быў забясьпечыць фінансаваньне, быў у Карэі. Дык вось, яго з Карэі дасталі "на размову". А роўна праз суткі мяне ўначы паднялі, выклікалі ў гатэль "Нацыяналь" і там "прэсавалі". Я прапаноўваў, каб паглядзелі канчатковы прадукт і ўжо пасьля прынялі саламонава рашэньне. Але мне проста сказалі: спыніся! Як я зразумеў, гэта абмяркоўвалася нават на ўзроўні чыноўнікаў Крамля. Дый вашыя прадстаўнікі абвясьцілі: у выпадку выхаду карціны беларуская пракуратура можа мне 10 гадоў "упаяць".

Валаў сьцьвярджае, што ў стужцы ўдалося дасягнуць практычна 100-працэнтнага падабенства з рэальнымі пэрсонамі, а таксама праведзена шмат паралеляў з падзеямі ў Беларусі. "Наш кірунак – сэкс і сатыра. Будзе сьмешна і вельмі пазнавальна", – гаворыць аўтар. Аднак пасьмяяцца найбліжэйшым часам наўрад ці ўдасца. А Валаў дагэтуль ня можа зразумець: чаму пра іншыя краіны здымаць можна, а Беларусь – як "цнатлівая карова":

"Усё ж гэта больш палітычнае рашэньне, чым нейкія іншыя матывы. Пры гэтым я задаў пытаньне людзям, якія выходзілі да мяне на размову: чаму пра Ўкраіну ды Грузію здымаць можна, а пра "бацьку" нельга? Але мяне не пачулі. Матэрыялу зьнята шмат, аднак мы яго не мантажуем. Існуе толькі невялікі ролік, прома. Хоць па сутнасьці гэта самае дурное рашэньне, бо фільм рабіўся на ўзроўні камэдыі з выкарыстаньнем падобных пэрсанажаў. Але ён не насіў абразьлівага характару, як камусьці здалося, як намагаліся гэта падаць. Так, там пазнавальны кіраўнік краіны, аднак ён прадстаўлены не прэзыдэнтам, а старшынём калгасу".

На Лукашэнку была «палітычная замова»

Пра мастацкія каштоўнасьці порнатвораў Валава крытыкі ў найлепшым выпадку маўчаць. Аднак забараняць экспэрымэнты і тым больш прэвэнтыўна пагражаць крымінальнай адказнасьцю – такога ў практыцы рэжысэра яшчэ не было. Як кажа Валаў, ня варта прыпадабняцца да Гітлера, які хацеў, каб гестапа пакарала Чарлі Чапліна за тое, што той спарадыяваў яго ў камэдыі "Вялікі дыктатар":

"Адразу скажу, што гэта не маё было волевыяўленьне. Гэта была канкрэтная замова. Не з маёй хворай галавы выйшла, што трэба здымаць такі фільм. Атрымаў заказ, за кароткі тэрмін зрабілі сцэнар, і з улікам таго, што ўсё ж чалавек зьяўляецца дзяржаўным дзеячам яшчэ і саюзнай, братняй дзяржавы, то зроблена ўсё ў жанры камэдыі. І калі б фільм усё ж вышаў, я ня думаю, што ён абразіў бы кіраўніка вашай краіны. Але, відавочна, напужаліся выхадам папярэдняга фільму "Юлія" і падумалі, што гэта можа прывесьці да палітычнага скандалу".

Карэспандэнт: "А замова ўсё ж была з расейскага боку ці беларускага?"

"А-а-а… (сьмяецца). А можна я ня буду раскрываць гэтага пытаньня? Таму што людзі ўсё ж яшчэ дзейныя ў палітыцы. Дый я таксама не хачу, каб у мяне былі праблемы ў многіх маіх рэчах, у працы. Бо ў наш час рознае магчыма..."

Пакуль “Бацькава шчасьце” марынуецца на паліцах, у распараджэньне журналістаў трапіла некалькі здымкаў, як сьцьвярджаецца, са здымачнай пляцоўкі. На іх чалавек, досыць аддалена падобны да Лукашэнкі, спрабуе ўвайсьці ў інтымную сувязь з кімсьці, яшчэ меней падобным да даяркі.

Тым часам Валаў заявіў: калі яму не даюць зьняць “Бацькава шчасьце”, то ён увекавечыць сябра Лукашэнкі – прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса. Эратычным пляцдармам стужкі “Палкоўнік Уга” абраная рэзыдэнцыя “дядзькі Федзі”, вобраз якога сьпісаны з кубінскага лідэра Фідэля Кастра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG