Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гумарэскі пра апазыцыю пісала рэдактарка “раёнкі”


Разгляд грамадзянскай справы паводле пазову рэдактара крычаўскай незалежнай газэты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага й заснавальніка гэтага выданьня Ўладзімера Кудраўцава да рэдакцыі газэты Крычаўскага райвыканкаму “Ленінскі кліч” адкладзены.

На судовае паседжаньне праз хваробу не зьявілася галоўная рэдактарка “Ленінскага кліча” Тацяна Іўкіна. Наступнае судовае паседжаньне мае адбыцца ў лютым.

Паводле Сяргея Няроўнага, сёньняшняе судовае паседжаньне доўжылася каля дваццаці хвілінаў.

Намесьнік рэдактара “Ленінскага клічу” Ўладзімер Далецкі паведаміў суду імёны аўтараў, якія пісалі фэльетоны пра крычаўскіх апазыцыянэраў.

На папярэднім паседжаньні, 28 сьнежня, судзьдзя Чавускага суду Алена Каралько абавязала Ўладзімера Далецкага назваць аўтараў гумарэсак, якія ад 2005 да 2007 году амаль штосуботы друкавала крычаўская “раёнка”.

Паводле спадара Далецкага, гумарэскі пісалі ён сам, Тацяна Іўкіна і яшчэ адзін супрацоўнік рэдакцыі — Аляксандар Гаўрыленка.

Журналісты недзяржаўнага выданьня пра суд намагаюцца абараніць свой гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю, а таксама спагнаць з рэдакцыі “Ленінскага клічу” кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў.

Учора Чавускі раённы суд задаволіў пазоў галоўнай рэдактаркі “Ленінскага кліча” Тацяны Іўкінай да заснавальніка газэты “Вольны горад” Уладзімера Кудраўцава ды аўтара гэтага выданьня Валера Бысава. Яны павінны пералічыць на рахунак Бельскага сацыяльна-рэабілітацыйнага прытулку паўмільёна рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG