Кіраўніку пракуратуры нагадалі пра нядаўні ліст спэцназаўца Валера Ігнатовіча да прэзыдэнта, у якім выкрадальнік журналіста Зьмітра Завадзкага настойвае на пераглядзе справы. Вось што адказаў Пётр Міклашэвіч:
“Праца пракуратуры ў гэтым кірунку працягваецца. На жаль, да гэтага часу няма аб’ектыўных зьвестак, якія б пацьвердзілі іх зьнікненьне, гэта апэратыўным і сьледчым шляхам ня выяўлена. Што да Ігнатовіча, пазыцыя пракуратуры застаецца нязьменнай, і яна супадае з абвінаваўчым прысудам. Ягоныя скаргі ідуць, але мы нічога новага ў іх ня бачым”.
Якой была сытуацыя са злачыннасьцю ў мінулым годзе? Паводле генэральнага пракурора, злачыннасьць паменела на 5 зь лішнім адсоткаў. Аднак што да хабарніцтва сярод чыноўнікаў, такіх справаў меней ня стала. “Калі пазалетась выявілі 1045 фактаў, то ў мінулым годзе нават болей — 1066”, — паведаміў Пётр Міклашэвіч.
Самым вядомым хабарнікам году стаў былы першы намесьнік начальніка ідэалягічнай управы адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Холад, якога ў лістападзе пакаралі васьмю гадамі пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Яшчэ адным гучным арыштам стала затрыманьне былога старшыні “Белнафтахіму” Аляксандра Бароўскага, які, паводле сьледзтва, праз службовыя злоўжываньні нібыта нанёс дзяржаве стратаў больш як на мільён даляраў.
Гэтую справу, сказаў Пётр Міклашэвіч, пачнуць слухаць у Вярхоўным судзе на пачатку лютага. “Аляксандар Бароўскі не вярнуў дзяржаве грошы”, — дадаў генэральны пракурор і прывёў прыклад арыштаваных летась кіраўнікоў фірмы “Эмір Мотарс”, якія да суду вярнулі дзяржаве скрадзеныя ў яе 7 мільярдаў рублёў і цяпер спадзяюцца на міласьць ад Аляксандра Лукашэнкі, які можа іх вызваліць ад адказнасьці.
Кіраўнік пракуратуры паведаміў таксама пра стварэньне банку дадзеных на ўсіх грамадзянаў, якія зрабілі крымінальныя ці адміністрацыйныя злачынствы. Паводле генэральнага пракурора, такі банк утрымлівае зьвесткі пра больш як мільён грамадзян краіны. Журналісты запыталіся, ці могуць самі грамадзяне зазірнуць у дасье, якія на іх сабралі. Аказалася, такой магчымасьці ня будзе.
“Не, банк ня дзеля таго ствараўся. Ён ствараўся дзеля вывучэньня дынамікі злачыннасьці і выпрацоўкі захадаў, каб зь ёй змагацца”.
Пры канцы ў Пятра Міклашэвіча запыталі, ці падаваў ён у канцы году ў адстаўку, якая не была прынятая Аляксандрам Лукашэнкам? Генэральны пракурор назваў гэтыя зьвесткі “прыдумкамі”.