Учора ўвечары старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна наведала Ірыну Сакалову, якую за дзень да таго выпісалі са шпіталю. Апошнія гады Ірына пакутавала на цяжкую хваробу.
“Пасьля разьвітаньня з Юр’ем Шырокім была ўнутраная проста неверагодная патрэба чарговым разам наведаць Ірыну. Зразумела, што ўчора ёй было ўжо вельмі цяжка. А сёньня раніцай гэтая сумная навіна – Ірыны ня стала. Зь яе імем асацыюецца цэлая эпоха станаўленьня незалежнай журналістыкі, яна была адным з лідэраў сапраўднай, сумленнай журналістыкі. І яе ініцыятыва ў стварэньні газэты “Фемида”. Гэтае выданьне нарадзілася дзякуючы яе намаганьням. Гэтае выданьне стала школай для многіх журналістаў”, -- кажа Жана Літвіна.
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец прызнаецца, што прыйшоў у журналістыку, дзякуючы Ірыне Сакаловай. Ён працаваў у газэце “Фемида-Nova”.
“На жаль, у 2000 годзе выйшаў апошні нумар гэтай газэты. Потым яна працавала ў бюлетэні “Медыя-эксперт”, які выдаваўся БАЖ супольна з расійскім Цэнтрам экстрэмальнай журналістыкі. Яна ўваходзіла ў склад камісіі па этыцы БАЖ. Апошнія гады вельмі цяжка хварэла, летам ёй ампутавалі нагу. На жаль, паправіцца яна не змагла. Мы былі зь ёй добрымі сябрамі. Мне нават цяжка пакуль гаварыць пра яе ў мінулым часе”, -- кажа Андрэй Бастунец.