Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: падрыхтоўка да будаўніцтва АЭС ідзе марудна


Кіраўнік Беларусі незадаволены хадой падрыхтоўчых работ да будаўніцтва ў краіне атамнай электрастанцыі. Пра гэта ён заявіў на сёньняшнім паседжаньні Рады Бясьпекі.


«Падрыхтоўка да будаўніцтва АЭС ідзе марудна, няма дакладнага бачаньня і альгарытмаў рашэньня фундамэнтальных задачаў у сфэры ядзернай энэргетыкі, слаба прагназуецца разьвіцьцё сытуацыі вакол будаўніцтва зь улікам усіх унутраных і зьнешніх фактараў. Дагэтуль няма вызначанасьці ў многіх важнейшых аспэктах: месцу будаўніцтва, праекту і генэральнаму падрадчыку», - заявіў А.Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што яшчэ застаецца шэраг праблемаў, недапрацовак, розных падыходаў і ацэнак, адсутнічае неабходная каардынацыя: «Такую сытуацыю немагчыма больш трываць, паколькі яна стрымлівае тэмпы прасоўваньня падрыхтоўчых работ».

Кіраўнік Беларусі таксама казаў пра тое, што «не забясьпечаная дзейная маштабная інфармацыйна-прапагандысцкая праца». «Некаторыя гарачыя галовы з ліку апанэнтаў улады настойліва спрабуюць арганізаваць нейкую, так званую, шырокую антыядзерную кампанію сярод насельніцтва»,-- падкрэсьліў ён.

Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што разьвіцьцё атамнай энэргетыкі ў краіне зь яўляецца важнейшым фактарам забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі Беларусі і ўмацаваньня дзяржаўнай незалежнасьці.

“Будаўніцтва АЭС – гэта рэальная пэрспэктыва, стратэгічная задача, і адмаўляцца ад яе Беларусь не мае намеру”, сказаў Лукашэнка. "Сёньня мы закладаем аснову функцыянаваньня беларускай дзяржавы ва ўмовах, калі на Зямлі абвастраецца глябальная праблема вычарпаньня запасаў вуглевадароднай сыравіны. Я думаю, будучыя пакаленьні ацэняць наша рашэньне", – сказаў кіраўнік Беларусі.

Міністар фінансаў Мікалай Корбут паведаміў, што праект пабудовы АЭС ацэньваецца ў памеры 4 мільярдаў даляраў. Міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў сказаў, што зьнешніх перашкодаў для пабудовы АЭС няма.

Лукашэнка заявіў, што праца па пабудове рэактару павінна пачацца ўжо сёлета. Паводле яго, у беларускім грамадзтве ўжо ўсталявалася разуменьне, што альтэрнатывы ядзернай энэргетыцы ў Беларусі няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG