Лінкі ўнівэрсальнага доступу

”Такая таталітарная дзяржава ў нас, хіба тут штосьці памяняеш?”


Як вы ставіцеся да пратэстаў індывідуальных прадпрымальнікаў? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.


Малады спадар: “Я думаю, што прадпрымальнікі слушна робяць, ім трэба змагацца да канца. Усё ж такі гэты ўказ для іх – вялікая праблема. Улады баяцца, што прадпрымальнікі выходзяць на акцыі, усяляк стараюцца засадзіць за краты арганізатараў. Але я ўсё-ткі думаю, што прадпрымальнікі перамогуць”.

Спадар: “Варыянтаў няма, што яны чагосьці здолеюць дамагчыся, таму што ў нашай дзяржаве гэта нерэальна. У нас адзін князь на ўсю дзяржаву існуе, і таму сапраўдных шанцаў у іх ніякіх няма”.

Ягоны калега: “Я думаю тое ж самае — што яны нічога не дамогуцца. Толькі страцяць час і нэрвы, трэба нейкім чынам прыстасоўвацца, і ўсё”.

Спадар: “Нічога яны ня змогуць памяняць. Такая таталітарная дзяржава ў нас, хіба тут штосьці памяняеш? Столькі людзей пазбудуцца заробку! Калі дзяржава ня можа даць працу, дык людзі ж давалі яе. Яны, канечне, нічога не памяняюць, але хоць штосьці спрабуюць рабіць”.

Карэспандэнт: “Вы лічыце, што пратэсты справядлівыя, але...”

Спадар: “Ну канечне, справядлівыя. Але па тэлевізары нічога не паказваюць — ні мітынгі, ні як людзі страйкуюць. Усё закрыта, навошта гэта? Мы ж у ХХІ стагодзьдзі нейк знаходзімся, мы павінны ведаць, што чыніцца ў нас у краіне. Я пэнсыянэр, напрыклад, але я цалкам падтрымліваю прадпрымальнікаў”.

Іншы спадар: “Я думаю, што дамагчыся яны ўжо нічога ня змогуць, а сэнс змагацца ёсьць, што тут казаць. Бо столькіх людзей пакінулі бяз працы. Я, напрыклад, таксама прадпрымальнік. Але як далей жыць, я ня ведаю. Пераафармляю дакумэнты на “ЧУП”, але што з гэтага выйдзе, невядома, я ня ўпэўнены, што гэта дасьць добры плён. Няма ўпэўненасьці, бо я ня маю для гэтага дастатковых грошай”.

Спадарыня: “Наўрад ці яны чагосьці дамогуцца. Але правільна робяць, што пратэстуюць”.

Малады спадар: “Калі ўсе пачнуць пратэставаць, тады, можа, штосьці й памяняецца. А насамрэч шмат хто пераафармляе ўжо свае дакумэнты на “ЧУП” і больш нічога ня робіць. А каб пачалі ўсе пратэставаць, можа, нешта й памянялася б”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG