Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі, нарэшце, і ў нас будуць вяртаць уклады так, як ва Ўкраіне?”


Агляд тэлефанаваньняў за 13 студзеня.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелю ў тыднёвым аглядзе тэлефанаваньняў. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар : “Паводле распараджэньня Сьветлагорскага райвыканкаму ўсім школам горада Сьветлагорска з вучняў ад 8 па 11 клясы загадалі ўзяць па 15 тысяч да Новага году і везьці гэтых дзяцей у Жлобін у Лядовы палац. Гэта робіцца для бачнасьці, што ідзе наведваньне гэтага палаца. Даюць там канькі і фатаграфуюць. Так зарабляюць грошы чыноўнікі на простых людзях”.

Тэлефанаваньне камэнтуе намесьніца кіраўніка аддзелу адукацыі Сьветлагорскага райвыканкаму Алена Манькевіч:

Манькевіч: “Такога загаду райвыканкаму няма. Што да пазашкольнай занятасьці, усё вырашаецца на ўзроўні ўстановы адукацыі, а цэнтралізаванага нічога такога няма. Ні аддзел адукацыі, ні райвыканкам такімі рэчамі не займаюцца. Зьбіраюцца і едуць на ўласнае жаданьне. Можа, які клясны кіраўнік перастараўся, каб ахапіць пазашкольнай занятасьцю болей дзяцей, сказаў, што ёсьць такі загад”.

11 студзеня ва Ўкраіне пачалі кампэнсаваць уклады Ашчадбанку СССР, унесеныя да 2 студзеня 1992 году. За 100 савецкіх рублёў украінцам абяцаюць 105 грыўняў, то бок больш як 20 даляраў.

Міхаіл: “Калі, нарэшце, будуць і ў нас аддаваць уклады так, як ва Ўкраіне? Хоць бы і па 200 даляраў на чалавека незалежна ад сумы. Ці думае наша чынавенства пра народ? І калі яно будзе думаць? І што трэба будзе зрабіць?”

У 1994 годзе адным з асноўных пунктаў перадвыбарнай праграмы тады яшчэ кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі была кампэнсацыя страчаных грашовых укладаў насельніцтва. На пытаньне слухача адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў:

Злотнікаў: “Гэта залежыць ад фінансавага стану дзяржавы, ад эфэктыўнасьці нашай эканомікі. Зараз, калі дзяржава запазычвае фінансы, калі адмаўляецца ад ільготаў, мяркую, што ў яе няма сродкаў, каб кампэнсаваць”.

Аўтары тэлефанаваньняў працягваюць выказваць сваё стаўленьне да праблемаў прадпрымальнікаў. 10 студзеня ў Менску некалькі тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў перакрылі праспэкт Незалежнасьці насупраць Дома ўраду. Яны патрабавалі перамоваў у справе адмены прэзыдэнцкага ўказа № 760.

Ларыса, Менск: “Адна жанчына па Радыё Свабода абуралася наконт таго, што прадпрымальнікі прадаюць усё нашмат даражэй. Я ўвесь час купляю прадукты ў большасьці на рынках. Там і малако, і тварог — усё было таньнейшае. А аднойчы зайшла ў супэрмаркет. Дык усё так дорага, што я прыйшла да высновы, што там пэнсіянэру няма чаго рабіць. Так што нам патрэбна, каб малое прадпрымальніцтва разьвівалася. А таму ўрад павінен не саджаць іх на 15 сутак, а весьці зь імі перамовы”.

Скончым праграму такімі тэлефанаваньнямі:

Спадар: “Вэртыкальшчыкі” ці іх прадстаўнікі сур'ёзна вырашылі вынішчыць за кароткі тэрмін чарнобыльскіх ды іншых непрацаздольных інвалідаў з 17 сьнежня 2007 году, якім не далі нават пасьведчаньня з такой інваліднасьцю. А потым мільёны грамадзянаў з найбольш бездапаможных і безабаронных катэгорый празь бязглуздыя ўказы, дэкрэты, антызаконы, антыканстытуцыйныя нарматыўныя акты. Бо яны маюць у сябе любыя чыстыя блянкі дакумэнтаў, пячаткі, усё іншае, неабходнае для ажыцьцяўленьня беззаконьня і самаўладзьдзя”.

Спадар, г. Дзятлава, Гарадзенская вобл.:

“Беларусь, ты мая Беларусь,
Колькі ты будзеш жабрацкаю звацца?!
Па лясах і балотах вякамі хавацца?
І ці прыйдзе здалёку шчасьлівы канец,
Сінявокую цябе падвядуць пад вянец.

Мы верым, прыйдзе час расплаты,
І сядуць усе яны за краты,
А Беларусь расправіць плечы,
І скінем мы ярмо галечы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG