Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы ня быдла. Мы – народ!”


Акцыя пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня ўдалася. Пра гэта заяўляюць і прадпрымальнікі, і палітыкі. Але шэраг удзельнікаў акцыі быў затрыманы.


Паводле ацэнак назіральнікаў, больш за дзьве тысячы прадпрымальнікаў узялі ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску. Дэманстранты былі настроены рашуча.

Прадпрымальнік: “Мы павінны патрабаваць, каб сюды прыйшоў Лукашэнка”.

Гандлярка: “Я 42 гады адпрацавала, дык мне плацяць капейкі. Кінулі костку як сабацы, дык няхай дададуць мяса. Мне 72 гады, я ганаровы вэтэран працы. А што я атрымоўваю, працую сама на гэтай кропцы, на рынку”.

Жанчына: “Народ выбіраў, няхай да народу выйдуць”.

Дзяўчына:“Мы ня быдла. Мы народ!”

Прадпрымальнік: “Я быў індывідуальным прадпрымальнікам, а сёньня “чуп”. Мяне перакрылі поўнасьцю. Куды ісьці? За мяжу ехаць? Але гэта мая радзіма, я хачу ў Менску працаваць. Трэба ўсё зрабіць, каб прадпрымальніцтва разьвівалася”.

Прадпрымальнік: “Я прапаную стаяць тут. І няхай цар ідзе сюды. Калі ён баіцца выйсьці да народу, які за яго прагаласаваў на 83 працэнты, то нешта тут ня так. Мы ў яго спытаем, чаму ён нам не дае працаваць?А калі ня прыйдзе праз гадзіну, то ўсе самі пойдзем туды”.

Людзі скандуюць:”Працу!Працу!”

Лідэра аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанку і яшчэ некалькі прадпрымальнікаў прапусьцілі ў адміністрацыю прэзыдэнта, дзе яны размаўлялі з кіраўнічкай эканамічнай управы. Гэтыя перамовы былі безвыніковыя. Да дэманстрантаў ніхто ня выйшаў. Тады яны рушылі да будынку адміністрацыі, аднак дарогу перакрылі спэцназаўцы. Праз гукаўзмацняльнік міліцыянты далі 10 хвілінаў на тое, каб усе разышліся, інакш прыгразілі прымяніць сілу і спэцсродкі.

Часова павераны ў справах ЗША Джонатан Мур, які разам зь іншымі дыпляматамі назіраў за акцыяй на Кастрычніцкай плошчы, сказаў:

“Надвор’е ня вельмі добрае, але цікава, што столькі людзей ўдзельнічае ў пратэсьце. Ёсьць крыху больш міліцыянтаў і спэцназаўцаў, чым, да прыкладу, падчас Эўрапейскага маршу. Дасюль усё мірна, але міліцыянты сказалі ўжо некалькі разоў пра спэцыяльныя мэры супраць дэманстрантаў. Пабачым, што будзе”.

Дэманстранты рушылі па праезнай часты праспэкту на плошчу Незалежнасьці. Там патрабавалі, каб выйшлі дэпутаты і прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі. Не дачакаўшыся іх, дэманстранты перакрылі рух транспарту па праспэкце Незалежнасьці. Прапускалі праз кардон толькі машыны “хуткай” дапамогі. Чаму людзі вымушаныя былі пайсьці на гэта?

Жанчына: “Бо нас ніхто ня лічыць за людзей. Таму хоць нейкімі дзеяньнямі зьвярнуць увагу на нас ураду. Што нас нямала, што гэта таксама сіла нейкая”.

Жанчына: “У нас няма іншага выйсьця. Можа, калі мы перакрыем праспэкт, тады да нас выйдзе хто-небудзь. Такое стаўленьне наплявацельскае да нас”.

Міліцыянты прыгразілі, што ўзбуджана крымінальная справа і, калі праз тры хвіліны дэманстранты не разыдуцца, то прыменяць сілу і спэцсродкі. Амаль праз гадзіну спэцназаўцы і міліцыянты выцесьнілі прадпрымальнікаў з праезнай часткі.

Шэраг лідэраў прадпрымальніцкага руху былі затрыманыя да пачатку акцыі альбо блякаваныя міліцыянтамі і не маглі выйсьці з дому. Намесьнік старшыні кампаніі ”За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Калей сказаў, што адзін з асноўных вынікаў акцыі – прынятае на плошчы рашэньне зноў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу 21 студзеня а 12-й гадзіне.

“Усе паказалі сваё адзінства, ніхто не спужаўся. Адбылося яднаньне прадпрымальніцкіх структураў. Далучыліся палітыкі, атрымалася такое адзінства. Хаця хаатычна ўзьнікла гэтая дата 10 студзеня, некалькі сумбурнай была падрыхтоўка да гэтага мітынгу. Але сам па сабе мітынг удаўся”.

Адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Мікола Статкевіч сказаў:

“Рашучасьць у дзеяньнях, якой гэтыя ўлады даўно ўжо ня бачылі ад афіцыйнай апазыцыі, за выключэньнем , мабыць. Маладога фронту і яшчэ некалькіх моладзевых арганізацый.

Па другое, гэта здольнасьць да самаарганізацыі. Бо ў адсутнасьць фармальных лідэраў людзі прымалі дастаткова радыкальныя і правільныя рашэньні. Вось гэта было не тыпова. Я думаю, што яны дамагаліся ў гэтай сытуацыі максымальнага з таго, што маглі. Гэтыя некалькі тысяч чалавек прадэманстравалі, што яны гатовыя жорстка змагацца за свае правы”.

Лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка на Кастрычніцкай плошчы

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька сярод дэманстрантаў на Кастрычніцкай плошчы

Кардон на праспэкце Незалежнасьці

Лёзунгі дэманстрантаў

Лёзунгі дэманстрантаў

Ля Кастрычніцкай плошчы

Дыпляматы ЗША назіраюць за акцыяй

На Кастрычніцкай плошчы

Анатоль Шумчанка размаўляе з прадстаўніком службы бясьпекі каля будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG