Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народны аўтамабіль” з Індыі за 2500 даляраў


Буйная індыйская аўтамабільная кампанія “Тата” паказала свой варыянт “народнага аўтамабілю” – самы танны легкавік у сьвеце.


Кошт легкавіка - дзьве з паловай тысячы даляраў. Гэта стала сэнсацыяй на аўтамабільным рынку

Прэзэнтацыя аўтамабіля, названага “Nano”, адбылася пад чароўную музыку Рыхарда Штраўса на буйным аўтасалёне ў Дэлі. Кіраўнік кампаніі Ратан Тата ў сваім выступе на цырымоніі заявіў:

“Мы надзвычай удзячныя за тое, што вы сёньня тут і падзяляеце з намі гэты момант. Я спадзяюся, для нас гэта эпахальная падзея”.

Чатырохдзьверны легкавік на пяць месцаў абсталяваны толькі самым неабходным. У ім усталяваны ззаду рухавік аб’ёмам 624 кубічных сантымэтраў і магутнасьцю 33 конскія сілы. Машына ня мае ні кандыцыянэра паветра, ні электрапад’ёмнікаў шыбаў, ні гідраўзмацняльніка руля – ужо звычайнага абсталяваньня сучаснага аўтамабіля. Пры гэтым кампанія зьбіраецца прапанаваць кліентам дзьве мадэлі клясы “люкс”. Мяркуецца, што ў пэрспэктыве зьявіцца і аўто, абсталяванае дызэльным рухавіком.

Кіраўнік кампаніі Ратан Тата сярод перавагаў называе эканамічнасьць (расход бэнзіну – каля 5 літраў на 100 кілямэтраў) і экалягічнасьць. Тым самым канструктары мелі на мэце аб’яднаць тэхнічныя паказчыкі матацыкла з камфортнасьцю аўтамабіля. Фактычна “Nano” забярэ частку рынку матацыклаў і скутэраў. Аўтамабіль мае зрабіць больш бясьпечнымі індыйскія дарогі, на якіх можна бачыць людзей з цэлымі сямействамі на матацыклах ці зь вежамі тавараў. Аўтамабільная прамысловасьць у Індыі апошнім часам перажывае ўздым, і тым ня меней, толькі сем індыйцаў з тысячы маюць аўтамабіль. Астатнія выкарыстоўваьць двухколавыя транспартныя сродкі.

Міжнародныя экспэрты, аднак, скептычна ацэньваюць шанцы на заваёву гэтым аўтамабілем рынкаў іншых краінаў. Многія фірмы цягам гадоў шукаюць шляхі стварэньня таннага, эканамічнага, экалягічнага і, натуральна, камфортнага аўтамабілю. Маючы на ўвазе выхад на дынамічныя рынкі такіх краінаў, як Індыя, Кітай, Расея. Прыкладам, у Кітаі вельмі імкліва разьвіваецца аўтамабільная прамысловасьць, аднак, яе дасягненьні пакуль вымяраюцца лепшымі ці горшымі копіямі заходніх ці японскіх распрацовак. І кітайскія спажыўцы шукаюць больш складаныя мадэлі, чым “Nanо”.

Што тычыцца кампаніі “Тата”, дык яна ня толькі спэцыялізуецца на выпуску танных аўтамабіляў і нядаўна заявіла пра гатовасьць купіць у кампаніі “Ford” за 2 мільярды даляраў брэнды шыкоўных брытанскіх аўтамабіляў “Jaguar” і “Range Rover”.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG