Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іраку за 4 гады загінула 151 тысяча чалавек


Такая ацэнка вынікае з дасьледаваньня, зробленага Усясьветнай арганізацыяй здароўя ААН.


151 тысяча чалавек памерла гвалтоўнай сьмерцю ў Іраку з 2003 году, пасьля пачатку амэрыканскай вайсковай апэрацыі.

Гэтая ацэнка, зробленая Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя, грунтуецца на апытаньні прынамсі 9 тысяч сем'яў у тысячы гарадоў і вёсак ва ўсіх рэгіёнах Іраку. Апытаньне прахадзіла на працягу 2006-2007 гадоў. У ранейшых ацэнках назіраўся вялікі роскід. Дасьледаваньне, заснаванае на аналізе паведамленьняў у друку, давала лічбу ў 48 тысяч загіблых, брытанскі часопіс “Lancet”, на падставе апытаньня 900 сямей у Іраку, даў ацэнку ў 600 тысяч ахвяраў гвалтоўных сьмерцяў.
Экспэрты Ўсясьветнай арганізацыі здароўя падкрэсьліваюць, што іх ацэнка прыблізная, гэта экстрапаляцыя, распаўсюд вынікаў, атрыманых на адносна невялікай выбарцы, на ўсю краіну.
Некаторыя раёны ў правінцыі Анбар і ў Багдадзе, інтэрвіюеры проста не змаглі наведаць з прычыны надзвычайнай небясьпекі. Гаворыць адзін з кіраўнікоў праекту Тайс Баерма
«Гэта найбольш дакладная карціна, якую мы маглі атрымаць у гэтых абставінах. Сыстэмы рэгістрацыі сьмерцяў у Іраку няма з 2003 году. Нам было вельмі цяжка праводзіць нашы апытаньні, было шмат непрыемных інцыдэнтаў, адзін інтэрвіюер быў скрадзены. Падчас апытаньня адзін з нашых галоўных супрацоўнікаў, адзін з кіраўнікоў дэпартамэнту статыстыкі быў застрэлены па дарозе ў Багдад».
Паводле справаздачы з 2003 году па 2006 год гвалтоўная сьмерць зьяўляецца адной з галоўных прычынаў сьмерці дарослага насельніцтва Іраку і галоўнай прычынай сьмерці ірацкіх мужчын ва ўзросьце ад 15 да 59 гадоў.
Поўны тэкст справаздачы апублікаваны ў «Мэдычным часопісе Новай Англіі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG