Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх музыкаў пасярод зімы -- “зялёнае жніво”



Сёлета беларускім тэлегледачам ці не ўпершыню можна было выбіраць, з кім бавіць навагоднюю ноч – з “афіцыйнай” расейскамоўнай папсой на асноўных дзяржаўных каналах (звыклы “набор” з Дарафеявай, Смолавай, братоў Хлястовых і г.д.), ці зь не аблашчанай увагай нацыянальнай тусоўкай на спадарожнікавым канале “Белсат” (ад пераўвасобленага Лявона Вольскага да IQ 48 у “Сьнежным завулку, 8”). Праўда, пра паўнавартасную альтэрнатыву казаць усё ж не выпадае, бо аўдыторыя “Белсату” яшчэ досыць сьціплая. Таму ў бальшыні выпадкаў “тэлеманы” перавагу аддавалі трэцяму, праверанаму варыянту – расейскім каналам са звыклым наборам тамтэйшых поп-зорак.

Фінансавая дылема: бясплатная карцінка ці грашовы карпаратыў?

Удзел у любым тэлевізійным шоў важны для музыкаў збольшага як іміджавая замалёўка, якая набліжае артыста да публікі, але ў фінансавым пляне дае зусім нязначныя грошы ці ўвогуле ніякіх. Таму позіркі прадусараў перадусім накіраваныя на так званыя карпаратывы, ды яшчэ пажадана, каб забаўляць паміж зьменай гарачых страваў супрацоўнікаў багатых фірмаў. Расказвае папулярны выканаўца Аляксандар Памідораў:

“Кошты – гэта камэрцыйная таямніца. Безумоўна, чым больш замоваў, тым вышэйшыя кошты. Гэта звычайная камэрцыя – хто каму кошт пераб’е. Але тут ёсьць і рызыка таго, што бываюць адмовы. Людзі дамаўляюцца за месяц, а потым, дні за чатыры, ідзе інфармацыя: маўляў, прабачце, але ня можам фінансава, нам параілі і г.д. Вось у мінулым годзе такая сытуацыя склалася, што шмат фірмаў і шмат клюбаў проста пад Новы год пачалі адмаўляцца ад менавіта ад беларускіх выканаўцаў.

Можа хтосьці напужаўся мовы выкананьня, альбо таго, што людзі прысутнічалі ў так званых сьпісах забароненых. І я пацярпеў у тым ліку, было гэтаксама колькі адмоваў. Але зараз такога няма. Цяпер увогуле тэндэнцыя да спрашчэньня ўсіх гэтых карпаратыўных мерапрыемстваў, да зьмяншэньня бюджэту. Праходзяць часы, калі людзі кідаліся грашыма і зараз яны грошы лічаць куды лепш. Але ўсё адно навагоднія сьвяты – гэта сэзон. Бо потым ажно да пачатку сакавіка гэта проста мёртвы час: нічога не адбываецца, ніякіх канцэртаў, усе адпачываюць, адыходзяць ад сьвятаў”.

Праўда, многія сьпевакі, як расказваюць у кулюарах, у сьвяточныя дні заломваюць такія кошты, што ўрэшце застаюцца ні з чым, згаджаючыся выступаць па цэньніках цыганскіх насельнікаў Паўночнага пасёлку сталіцы.

Сёлета ўпершыню за апошнія гады зноў запатрабаваныя апальныя каманды, якія былі пад забаронай ад лета 2004 году, пасьля ўдзелу ў апазыцыйным канцэрце. Лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка не хавае, што пасьля перамоваў з дзяржаўнымі ідэолягамі сытуацыя заўважна зьмянілася. “Палац” нават быў дапушчаны на “Эўрафэст” -- нацыянальны адборачны тур да міжнароднага сьпеўнага конкурсу “Эўрабачаньне”:

“Мы спадзяемся, што 7 студзеня, на Каляды мы павіншуем на цэнтральнай плошчы Магілёў. Яшчэ зусім нядаўна такое было немагчыма, а цяпер людзі перасталі баяцца нас запрашаць. І таму, я думаю, штосьці зьмяняецца ў лепшы бок – тое, што тычыцца менавіта музыкаў. Мы ўжо можам павіншаваць, напрыклад дзяцей, у нас будзе сустрэча ў касьцёле зь вернікамі. На такія імпрэзы дагэтуль нас запрашалі ня тое, каб неахвотна, але крыху баючыся. Вельмі хацелі запрасіць, каб павіншаваць з Калядамі, у якойсьці рэклямнай акцыі паўдзельнічаць, ці павіншаваць са сьвятамі які-небудзь калектыў, але крыху баяліся. А цяпер, як падаецца, паўплываў той момант, што мы ўжо не такія забароненыя, і такіх запрашэньняў стала істотна болей”.

Хочаш зарабляць – меней дэманструй свае палітычныя амбіцыі

Мастацкі кіраўнік менскага тэатру сатыры і гумару “Хрыстафор”, актор Яўген Крыжаноўскі пасьля спробы паўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году на некалькі гадоў выпаў з абоймы артыстаў, якіх рэгулярна запрашаюць на розныя вечарыны. Але цяпер ён зноў у сьпісе запатрабаваных шоўмэнаў і часты госьць на тэлеэкранах:

“Так, зараз усё нармалізавалася, таму што прайшоў час і ўсё папросту стала на свае месцы. Самае галоўнае, што я ўрэшце сам зразумеў: ці ўвальвацца туды з галавой, у палітыку, і працаваць ужо выключна на ніве палітыкі, ці займацца сваёй ранейшай справай. І вось калі я стаў займацца толькі сваёй, творчай працай, то тыя, хто думаў, што я вораг краіны, вораг народа, вораг прэзыдэнта, урэшце зразумелі: не, чалавек зноў працуе, зноў на плыву і ўсялякія перашкоды былі зьнятыя. І зараз я быў запрошаны на ОНТ, дый увогуле, трэба сказаць, шмат зьявілася розных замоваў, у тым ліку шмат работы на тэлебачаньні”.

Наперадзе ў музыкаў лічаныя дні, каб яшчэ пасьпець папоўніць свой бюджэт коштам карпаратыўных вечарынаў. Гэта праваслаўныя Каляды і дзень, які адзначаецца, бадай, толькі на пасьлясавецкай прасторы – “стары новы год”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG