Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зімоўскага ўзнагародзілі ордэнам Скарыны


Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Скарыны старшыню Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага.


Гэты ордэн быў заснаваны як адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў Беларусі за асаблівыя заслугі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня.

Як вынікае з указу прэзыдэнта, Аляксандра Зімоўскага ўзнагародзілі “за высокія дасягненьні ў прафэсійнай дзейнасьці”, а таксама за падрыхтоўку дзіцячых конкурсаў песьні “Эўрабачаньне”. За гэта ж разам зь Зімоўскім узнагароджаны і яго намесьнік Юры Азаронак — ён стаў заслужаным дзеячам культуры Беларусі. Сам жа пераможца дзіцячага “Эўрабачаньня” Аляксей Жыгалковіч атрымаў толькі падзяку ад прэзыдэнта.

Ордэн Скарыны атрымалі Селязьнёў і Кардэн

У розныя гады ордэнам Францішка Скарыны ганаравалі расейскіх выканаўцаў Надзею Бабкіну і Мікалая Баскава, якія бралі ўдзел у перадвыбарнай агітацыйнай кампаніі за Аляксандра Лукашэнку. Гэтую ўзнагароду атрымалі Барыс Ельцын, Генадзь Селязьнёў і Юры Лужкоў, патрыярх маскоўскі Аляксій, францускі мадэльер П’ер Кардэн ды іншыя.

Зь беларусаў ордэн Скарыны першым атрымаў мастак Міхаіл Савіцкі, потым былі Васіль Раінчык, Міхаіл Фінберг, Анатоль Ярмоленка, галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч. Нядаўна ордэнам узнагародзілі дырэктара Дэпартамэнту архіваў і справаводзтва Міністэрства юстыцыі Уладзімера Адамушку. Ён кажа:

“Гэта даволі высокая ўзнагарода. Я лічу, што гэта ўзнагарода за гуманітарную дзейнасьць, якой зьяўляецца дзяржаўная архіўная служба. На самой справе дзяржаўнай архіўнай службай было шмат што зроблена”.

Карэспандэнтка: “І вось нядаўна ордэнам Скарыны ўзнагароджаны старшыня Дзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі...”

Адамушка: “Гэта не мая справа — ацэньваць узнагароду. Гэта ацэнка тых, хто ўзнагароджвае”.

“Каб Зімоўскі атрымаў ордэн Каліноўскага, гэта было б яшчэ больш сьмешна”

Ордэн Францішка Скарыны быў заснаваны пастановай Вярхоўнага Савету ў 1995 годзе і мае ўручацца за значныя посьпехі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі, дасягненьні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, а таксама прапаганды культурніцкай спадчыны беларускага народу.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Алег Трусаў згадвае, што, калі Беларусь атрымала незалежнасьць, яна мела толькі адну ўзнагароду — мэдаль Францішка Скарыны.

“А ўжо калі мы рабілі сыстэму ўсіх дзяржаўных узнагародаў, то тады зьявіўся і ордэн Францішка Скарыны. Быў там і ордэн Кастуся Каліноўскага, яго потым выкінулі. Ім так нікога і не ўзнагародзілі.. Можа, гэта і да лепшага. Бо каб Зімоўскі атрымаў ордэн Каліноўскага, гэта было б яшчэ больш сьмешна. Я думаю, што калі ўлада зьменіцца, усё роўна гэты ордэн і мэдаль застануцца, але калі імі будуць некага ўзнагароджваць, то такіх людзей, як Зімоўскі, там напэўна ня будзе”, — лічыць Алег Трусаў.

“Чым ні ўзнагароджвай чалавека, ён усё роўна застанецца тым, кім быў”

Гісторык і геральдыст Анатоль Цітоў у свой час прапаноўваў сваю канцэпцыю дзяржаўных узнагародаў Беларусі.

“Калісьці лічылася, што будзе і ордэн Кастуся Каліноўскага. А потым сказалі: “ёсьць меркаваньне”, што яго можна замяніць ордэнам Мужнасьці. І я быў адзіным, хто выступіў супраць гэтага. І пасьля гэтага я ўжо ня ўдзельнічаў ва ўсіх гэтых справах. Усё залежыць ад таго, хто ўзнагароджвае і каго ўзнагароджваюць. Яны адпавядаюць магістральнаму накірунку. Але чым ні ўзнагароджвай чалавека, ён усё роўна застанецца тым, кім быў”.

У сыстэме дзяржаўных узнагародаў Беларусі восем ордэнаў — ордэн Айчыны, “За службу Радзіме”, ордэн Пашаны, “За асабістую мужнасьць”, ордэн Дружбы народаў, ордэн Францішка Скарыны, ордэн Вайсковай славы і ордэн Маці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG