Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улады ламаюць жыцьцё прадпрымальнікам…”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.


Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вышле зь Беларусі амбасадара ЗША, калі Злучаныя Штаты Амэрыкі ўвядуць новыя санкцыі супраць Беларусі. На гэта амбасада ЗША адрэагавала заявай, у якой гаворыцца, што “ключ да паляпшэньня амэрыкана-беларускіх стасункаў застаецца ў руках Беларусі”. На гэтую тэму выказваньне слухача:

Спадар: “Ня бачу, у чым прэзыдэнт Амэрыкі, спадар Буш і яго каманда, ня маюць рацыі. Трэба тэрмінова выпусьціць з турмаў палітзьняволеных, выканаць 12 патрабаваньняў Эўропы, адчапіцца ад “Маладога Фронту” — гэта нашы героі, вярнуць ільготы — у першую чаргу чарнобыльцам, донарам, пэнсіянэрам, і выправіць шэраг іншых памылак, дапушчаных вамі і вашымі памочнікамі. Жыве родная Беларусь!”

Страйк прадпрымальнікаў Беларусі, адмена льготаў, узровень жыцьця і эканамічнае становішча краіны — тэмы наступных тэлефанаваньняў:

Пэнсіянэр: “Вось і надышоў год вялікага пералому. Улады ламаюць жыцьцё індывідуальным прадпрымальнікам. І тыя, каб выжыць, вымушаны страйкаваць. А беднякі і пэнсіянэры, у якіх улада адабрала льготы, ня купяць у шапіках таннай ежы. Усім пакрыўджаным, каб ня думаць пра гэты пералом, засталося з роспачы толькі пагуляць у хакей у лядовых палацах”.

Спадар: “Ехаў аўтобусам у навагоднія дні. І на адным прыпынку ў аўтобус уваходзіць пэнсіянэрка і падае грошы за праезд. Кіроўца на ўвесь аўтобус паведамляе: “Бабуля! Плаці поўную суму за праезд! Бацька сказаў, што ты багатая”. На гэта бабуля толькі цяжка ўздыхнула. Што адказала яна ў бок улады, можна здагадацца”.

Сталы слухач: “Статыстыка паказала (а гэта страшная хлусьня), што ў нас 10% жыхароў Беларусі жывуць ніжэй за пражытковы мінімум. Гэта значыць, 1 мільён грамадзянаў (няхай і паводле гэтай статыстыкі) жывуць надгаладзь ці проста ў галечы. Галадаюць. Такога ніколі не было. Але гэта статыстыка. Насамрэч — нашмат больш”.

Спадар, Івацэвічы: “З новым годам вас, паважаная радыёстанцыя “Свабода”! Я не разумею прыхільнікаў Аляксандра Рыгоравіча, якія зьбіраюцца ставіць яму помнік за дасягненьні ў аграпрамысловым і вытворчым комплексах. У нас у раёне 22 СПК, зь іх толькі два на плыву, гэта “Квасевічы” і “Перамога”. Астатнія, як кажуць, ляжаць на лапатках. Я ўпэўнены, што і ў іншых раёнах такое ж становішча. У нас у горадзе з 1994 году не дадалося ніводнага прадпрыемства. А якраз наадварот: зьніклі малаказавод і хлебапрыёмнае прадпрыемства”.

“Паважанае радыё “Свабода”, адкажыце, калi ласка, на пытаньне: чаму ў вышэйшыx i сярэдніх спэцыяльных навучальных установах за кошт студэнтаў-платнiкаў робяць эўрарамонт?” — пытаецца ў СМС-допісе наш сталы слухач, студэнт Наваградзкага аграрнага каледжу Вiталь. Яму адказвае былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў:

“Сапраўды, студэнты плацяць толькі за сваю адукацыю. А гэтыя грошы бяруць і выдаткоўваюць – ніхто ня ведае, куды і як. Тут вельмі шмат пытаньняў, на якія ніхто адказу пакуль не дае. Неабходны грамадзкі кантроль, але для гэтага трэба шмат што зьмяніць”.

Вы слухаеце “Званкі на Свабоду”. Працягваем праграму.

Цімох Цыбулька: “Паважаная “Свабода”, па заведзенай традыцыі глядзеў навагодняе віншаваньне Лукашэнкі электарату. Дагэтуль не магу зразумець, зь якім сьвятам ён віншаваў. У мяне такое ўражаньне, што з Гэлаўінам. Засталося толькі сказаць, каб Пацук, які прыйшоў паводле ўсходняга календара, зьеў усіх ворагаў Беларусі”.

Анатоль Сахаруша: “Добры дзень, паважаны калектыў Радыё Свабода! Віншую вас з Новым годам і з Нараджэньнем Хрыстовым! Здароўя вам і плёну ў працы! Вы адзіная ў Беларусі крыніца, зь якой народ наш чэрпае праўду. Хай дапамагае Вам Бог! Дзякую за ўсё”.

“Майго пляменьніка назвалі Данчыкам у гонар Багдана Андрусышына” – піша ў СМС-лісьце слухач Слава. Віншаваньні з нагоды юбілею шанаванага сьпевака ў наступных тэлефанаваньнях:

Спадарыня Людміла, Менск: “Шаноўнае радыё! Вельмі хачу павіншаваць шаноўнага Данчыка зь юбілеем. Вялікі дзякуй, спадар Данчык, за вашыя песьні, якія вярнулі беларусам іх душу. Вы сапраўдны наш цуд, наш анёл, пасланы нам зь нябёсаў. Вялікі дзякуй Амэрыцы і вашым родным, што выхаваньнем і памяцьцю пра Бацькаўшчыну стварылі такі цуд, як вы. Здароўя вам, шчасьця! І вельмі хацелася б пачуць вас на канцэрце ў Беларусі. Дзякуй вам яшчэ раз. Добрага здароўя і доўгіх гадоў жыцьця!”

Спадар Міхась, в. Карпілаўка: “Паважаны Данчык! Я думаў, што я люблю вас адзін. Але, слухаючы беларускае Радыё Свабода, я пачуў, што вас любяць ва ўсім сьвеце сумленныя людзі. Я вас параўноўваю з Максімам Багдановічам. Віншую вас з народзінамі і жадаю, каб гэтая дата акрэсьліла палову вашага жыцьця. Дзякуй”.

Спадарыня: “У моры невыразных, цьмяных і нават дакучлівых людзкіх галасоў здараецца цуд і нараджаецца голас дзівоснай празрыстасьці і чысьціні, які вядзе выбраньніка па жыцьці, становячыся лёсам, выпрабаваньнем, узнагародай і крыжам адначасова. Шчырыя віншаваньні Данчыку за кранальныя арфічныя сьпевы і нашыя вандроўкі ў краіну высокага мастацтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG