Кокус – індэйскае слова, якое азначае сход кіраўнікоў плямёнаў. У цяперашняй амэрыканскай палітычнай культуры кокусамі называюць своеасаблівыя партыйныя сходы ў маштабах штату.
Кокусы ў Аяве з 1972 году традыцыйна лічацца пачаткам выбарчай кампаніі. Гэта сельскагаспадарчы штат з насельніцтвам у тры мільёны чалавек. Для ўдзелу ў кокусе дастаткова быць жыхаром штату і зарэгістравацца ў якасьці прыхільніка Рэспубліканскай ці Дэмакратычнай партыі.
Партыйныя сходы праводзяцца у школах, клюбах, бібліятэках і прыватных дамах. Такіх месцаў партсходаў будзе каля 2000 па ўсёй тэрыторыі штату, чакаецца, што ў іх прыме ўдзел каля 130 тысяч дэмакратаў і блізу 80 тысяч рэспубліканцаў.
Паводле тэхналёгіі кокус крыху нагадвае рэгіянальныя сходы і Кангрэс дэмсілаў па вылучэньні кандыдата на прэзыдэнта ад апазыцыі ў 2005 годзе.
На кожным зь іх удзельнікі прагаласуюць, каму з кандыдатаў ад партыі яны аддаюць перавагу, і абіраюць кандыдатаў на супольны партсход штату. Уся працэдура працягнецца да 8 студзеня, калі адбудуцца сходы рэспубліканцаў і дэмакратаў і высьветліцца разьмеркаваньне прыхільнасьцяў партыйных актывістаў Аявы. Паводле тэхналёгіі гэта крыху нагадвае рэгіянальныя сходы і Кангрэс дэмакратычных сілаў па вылучэньні кандыдата на прэзыдэнта ад апазыцыі ў Беларусі ў 2005 годзе.
Кокусы адрозьніваюцца ад праймэрыз, якія пройдуць напачатку лютага ў 22 штатах. Тады жыхары гэтых штатаў, якія захочуць паўдзельнічаць у галасаваньні, будуць вызначаць, каму з кандыдатаў ад абедзьвюх партый яны аддаюць перавагу – гэткая рэпэтыцыя агульнанацыянальных выбараў. Падчас кокусу партыйцы выбіраюць найлепшага кандыдата ад сваёй партыі.
І вынікі кокусаў, і вынікі праймэрыз ня маюць ніякай юрыдычнай сілы і абавязковасьці, усё вырашыцца на агульнанацыянальных выбарах 4 лістапада. Але абедзьве працэдуры істотна ўплываюць на рашэньне партыйных зьездаў, каго вылучыць кандыдатам на прэзыдэнта.
Зьезд дэмакратаў пройдзе напрыканцы жніўня, у рэспубліканцаў – напачатку верасьня. Той, хто пераможа на кокусе ў Аяве і на праймэрыз, мае вялікія шанцы стаць кандыдатам на прэзыдэнта ад партыі. У дэмакратаў ёсьць нават нефармальнае правіла, што кандыдат, які ня здолеў набраць 15% галасоў на кокусе ў Аяве, аўтаматычна сьпісваецца з рахунку.
Унутрыпартыйная барацьба вастрэйшая за міжпартыйную
Паводле папярэдніх падлікаў, кандыдаты выдаткавалі на свае перадвыбарчыя кампаніі сярод партыйных актывістаў у Аяве 50 мільёнаў даляраў.
Галоўныя прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратаў: сэнатар ад Нью-Ёрку Гілары Клінтан, жонка былога прэзыдэнта краіны, харызматычны сэнатар ад Ілінойсу Барак Абама і былы губэрнатар Паўночнай Караліны, сэнатар ад гэтага штату Джон Эдвардс.
Найбольш папулярныя кандыдаты ад рэспубліканцаў – былы мэр Нью-Ёрку Рудзі Джуліяні, былыя губэрнатары Масачусэтсу і Арканзасу Мітт Ромні і Майк Гакбі, а таксама сэнатар Джон Маккейн.
Усе кандыдаты напярэдадні кокусу праводзілі шматлікія сходы і сустрэчы, каб схіліць прыхільнасьць грамадзянаў на сваю карысьць. Майк Гакбі падчас такога сходу сказаў:
Гакбі: “Калі вы пойдзеце на кокус заўтра ўвечары, вы правядзеце галасаваньне, якое ўбачаць і пачуюць у сьвеце. Заўтра ўвечары падчас кокусу вы зможаце даказаць, што розныя аналітыкі і прагназісты ня маюць рацыі, а народ – мае”.
Барак Абама натхняў прыхільнікаў сваёй упэўненасьцю.
Абама: “Я гарантую вам, што мы ня толькі выйграем кокус, мы выйграем праймэрыз, мы выйграем нацыянальныя выбары, і мы пойдзем наперад і будзем кіраваць краінай ад імя амэрыканскага народу. Мы дапаможам рабочым, мы палепшым нашу сыстэму аховы здароўя, мы будзем мець асэнсаваную зьнешнюю палітыку. Мы вылечым нашу нацыю. Мы палепшым сьвет, калі вы будзеце верыць у гэта”.
Калі Абама стане прэзыдэнтам, ён будзе першым чарнаскурым кіраўніком Злучаных Штатаў.
Падчас цяперашняй кампаніі ў Аяве кандыдаты ад кожнай партыі больш спаборнічаюць паміж сабой, чым з апанэнтамі з канкуруючай партыі.
Досьвед гаворыць, што вынікі кокусаў у Аяве ў прынцыпе не паказальныя, бывала ў гісторыі, што іх трыюмфальныя пераможцы потым прайгравалі выбары. Аява – не Амэрыка ў мініятуры, як кажуць часам пра Нью-Гемпшыр, больш за 90% насельніцтва Аявы – выхадцы з Эўропы, што для цяперашніх стракатых ЗША не характэрна.
Але ў любым выпадку выбарчая кампанія ў ЗША пачалася, і нават на гэтым першым этапе вырашае народ, па меншай меры, так бы мовіць – партыйныя масы.