Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша эканамічная мадэль нікуды ня вартая”


Як вы ацэньваеце вынікі 2007 году? Чым вам перадусім запомніўся мінулы год? З гэтымі пытаньнямі наш менскі карэспандэнт Уладзімер Глод зьвярнуўся да беларускіх палітыкаў.


Аляксандар Вайтовіч, былы старшыня Савета Рэспублікі, называе год, які зараз на адыходзе, “вызначальным для Беларусі”:

“Стала ясна, што нам трэба працаваць зусім па іншых эканамічных мадэлях. А тая мадэль, якая ўвесь час рэклямавалася ў нас, нікуды ня вартая. Яна ня зможа забясьпечыць краіне нармальнае разьвіцьцё. І гэта стала выразна ясна менавіта сёлета. Пра гэта сьведчыць і тое, што адбывалася ў 2007 годзе. Улада вымушаная пачаць распродаж дзяржаўнай маёмасьці. І робіцца гэта не празрыста, а ўціхую, без абвяшчэньня тэндэраў.

А вазьміце адмену датацыяў для насельніцтва… Яна настолькі татальная, якіх не было і няма ў ніводнай краіне-суседцы.

І ўсё гэта паказвае, што працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, ня спыняцца і надалей”.

Сябра Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі адзначае, што сёлета дэмакратычныя сілы краіны зьмянілі фармат сваёй дзейнасьці:

“Яны правялі дзьве цікавыя акцыі – эўрапейскі і сацыяльны маршы, якія прысьвячаліся самым галоўным падзеям для Беларусі і яе грамадзянаў. Але ацэньваць 2007 год як год, які вызначаў лёс краіны, пакуль што рана.

У 2008 годзе трэба будзе працаваць лепш. Адбудуцца парлямэнцкія выбары. І вось тут вельмі важна, як будуць рэагаваць людзі на тое, што ўлада іх абсалютна не паважае. Гэта яна не аднойчы паказала сёлета. Вось гэта пытаньне! Ці яны зноў будуць маўчаць, ці яны будуць выказваць сваю пазыцыю і спрабаваць яе абараняць? Калі другое, дык тады, я думаю, мы здолеем зьмяніць цяперашнюю тэндэнцыю разьвіцьця краіны на разьвіцьцё Беларусі як эўрапейскай самастойнай дзяржавы”.

Сёлета Міністэрства юстыцыі Беларусі спыніла дзейнасьць жаночай партыі “Надзея”, а Вярхоўны суд пакінуў гэты вэрдыкт у сіле. Але старшыня партыі Алена Яськова ня лічыць 2007 год марным:

“Партыя “Надзея” — як аб’яднаньне жанчын, як суб’ект грамадзкага і палітычнага жыцьця — за гэты год адбылася. Мы ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах і шмат чым дапамаглі нашым жанчынам.

Вядома, непрыемна, што партыю неабгрунтавана зьліквідавалі. Але нашу палітычную дзейнасьць, цяпер ужо як грамадзянак Рэспублікі Беларусь, гэта ня спыніць. Мы будзем яе працягваць разам з усімі дэмакратычнымі сіламі краіны. У нас ёсьць сьвятая мэта — будучыня нашых дзяцей. І таму спыняцца мы ня можам”.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч называе галоўнай падзеяй 2007 году Кангрэс дэмакратычных сілаў:

“Ён дазволіў абазначыць яшчэ адзін суб’ект палітыкі ў Беларусі. Гэта — аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. На Кангрэсе прынялі стратэгію, сёньня існуе плян і канкрэтныя задачы, якія мы выконваем.

Я чакаю, што ў наступным годзе дэмсілы запрацуюць сыстэмна. Тым больш, што прынятае рашэньне аб удзеле аб’яднаных сілаў у палітычнай кампаніі — выбарах у Палату прадстаўнікоў. У якім фармаце — гэта ўжо іншая справа. Але яны будуць актыўна ўдзельнічаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG