Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі назваў 2007-ы годам спаду. Аптымізму ў грамадзтве не дадалося, а дадалося пэсымізму:
“2007 – гэта быў год эканамічнай стагнацыі. Бо беларускі цуд, якім называлі беларускую эканоміку, ясна пачаў сябе выяўляць, як толькі кошты на энэрганосьбіты пачалі ісьці ў бок рэальных коштаў. Гэта адначасна адбірала ў людзей гарантыі, да якіх яны прывыклі. Але людзі яшчэ не прывыклі да таго, што каб свае правы адстойваць, трэба вучыцца пратэставаць.
Трэба ўспомніць такія забытыя для іх паняцьці як прафсаюзы, дэманстрацыі, пікеты, маніфэстацыі. Бо гэта справа людзей, а апазыцыйныя партыі, арганізацыі могуць толькі арганізацыйную дапамогу ў гэтым аказваць. Вось, калі людзі гэта ўсьвядомяць, тады ў нас ажыве грамадзянская супольнасьць і можна будзе чакаць сацыяльна-эаканамічных зьменаў. Год, безумоўна, быў годам стагнацыі ва ўсіх сфэрах”.
Намесьнік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч назваў плённым тое, што падчас кангрэсу дэмсілаў ухвалена ўтварэньне грамадзкай камісіі па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. А таксама абодва былыя кандыдаты ў прэзыдэнты А.Казулін і А.Мілінкевіч падтрымалі грамадзянскую кампанію “Беларусь у Эўропу”. Спадар Рынкевіч сказаў:
“За гэты год адбылося вельмі шмат падзей. Перадусім, гэта Кангрэс аб'яднаных дэмакратычных сіл. Ня ўсё атрымалася, што хацелася. І пытаньні такія, як урад народнага даверу, нелегітымнасьць спадара Лукашэнкі, усё гэта выпала з палітычнага працэсу, і ініцыятыву апазыцыя не перахапіла ў гэтым годзе.
У цэлым удалося пазьбегнуць горшага. Не згубілі адзінства дэмакратычных сілаў. Але ўсе праблемы яшчэ наперадзе”.
Моладзевы лідэр Павал Севярынец заявіў, што 2007 год запомніўся крымінальнымі справамі супраць маладафронтаўцаў:
“А таксама стойкасьцю хлопцаў і дзяўчат, многім зь якіх няма і 18-ці гадоў. Гэта й справы Хведарука і Корбана, справа пяцёх, суд у Менску, справа салігорцаў, Івана Шылы, Насты Азаркі, Ярасла Грышчэні з Баранавічаў. Затым справы гомельскіх маладафронтаўцаў, Кацярыны Салаўёвай у Полацку і, натуральна, суды супраць Зьміцера Дашкевіча і апошні cупраць Артура Фінькевіча.
Увесь год рэжым спрабаваў спыніць маладафронтаўцаў, спыніць беларускую моладзь, пазбавіць беларускі рух будучыні. Але насуперак гэтым рэпрэсіям маладафронтаўцы давялі, што новае пакаленьне дэманструе новыя якасьці беларускага руху – веру, моц, нязломнасьць. Яно ня йдзе ні на кампрамісы, ні на нейкія зьдзелкі, яно не купляеццца, яно не ламаецца. І ў гэтым мне бачыцца вялікая пэрспэктыва для дэмакратычнай апазыцыі, для нацыянальнага руху ў Беларусі”.