Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Казуліна: чакаем вызваленьня ў наступным годзе


Навіны з жыцьця палітвязьняў.


Грамадзкі камітэт абароны Артура Фінькевіча правёў паседжаньне, на якім заплянаваны шэраг акцыі ў абарону актывіста. Нагадаю, на мінулым тыдні Артура Фінькевіча асудзілі на паўтара году зьняволеньня ў дадатак да двух гадоў “хіміі”, якія ён амаль адбыў у Магілёве. Ужо пададзеная касацыйная скарга на прысуд.

Тым часам маладзёвы рух актывізаваў змаганьне за вызваленьне Артура праз вулічныя акцыі пратэсту і кампаніі салідарнасьці. Запытваю ў сябра камітэту Мікалая Статкевіча, што можа паўплываць на пазыцыю ўлады адносна лёсу Артура Фінькевіча. Паводле вядомага палітыка, лепшым сродкам барацьбы былі б шматтысячныя вулічныя акцыі:
Калі мы ня зможам арганізаваць ўнутраны ціск, то хаця б мусім арганізаваць зьнешнепалітычны.


“Калі мы ня зможам арганізаваць ўнутраны ціск, а гэта ёсьць выхад на вуліцу дзясяткаў тысяч людзей, то хаця б мусім арганізаваць зьнешнепалітычны ціск. І, безумоўна, трэба пашырыць інфармаваньне людзей у Беларусі пра справу. Бо толькі так можна дасягнуць нейкую крытычную масу”.

Нагадаю, з таго дня, як другі раз асудзілі Артура Фінькевіча, акцыі ў ягоную падтрымку праходзяць штодня. У іх бяруць ўдзел да некалькіх дзясяткаў актывістаў.

“Выглядаў вельмі перакананым у сваёй праваце”

Новыя зьвесткі пра Зьмітра Дашкевіча прывёз са Шклову ягоны бацька. Вячаслаў Дашкевіч спатканьнем з сынам быў вельмі задаволены.

“Спакойны, ўраўнаважаны, перакананы ў сабе і ў сваёй праваце. Кажа, што ніякіх праблем ў яго няма”.

“Пачынаю рыхтавацца да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі”, – сказаў Зьміцер Дашкевіч бацьку. Актывіст спадзяецца сустрэць сьвята ўжо на волі – ягоны тэрмін заканчваецца ў сярэдзіне сакавіка.

Нагадаю, нядаўна Зьмітра Дашкевіча таксама судзілі другі раз – за адмову сьведчыць супроць актывістаў “Маладога фронту”. У дадзеным выпадку абышлося без павялічэньня тэрміну зьняволеньня – суд пакараў Дашкевіча вялікім грашовым штрафам.

Аляксандар Казулін зьвярнуўся да суайчыньнікаў зь віншаваньнем да Новага году і заклікаў змагацца за свае правы. “Беларускія ўлады вядуць эканоміку краіны да непазьбежнага краху, ад якога не ўратуюць ані татальнае пазбаўленьне грамадзян ільгот, ані замежныя крэдыты”, – мяркуе былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін. Ягоная жонка Ірына будзе сустракаць Новы год бяз мужа, але верыць, што гэта ў апошні раз.

“Будзем чакаць, спадзявацца і чакаць добрых навінаў. Я перакананая, што наступны год будзе годам вызваленьня майго мужа”.

Рэцэпт навагодняга торту па-турэмнаму

Пра гэта ж мараць і ў сям’і былога дэпутата Андрэя Клімава. Паводле жонкі палітвязьня Тацяны, напярэдадні ўсе ў сям’і атрымалі віншавальныя паштоўкі ад Андрэя з Новым годам.

Тацяна згадала расповеды мужа пра тое, як ён сустракаў Новы год ў менскай калёніі. Там вязьні гатавалі самаробны торт з батону, печыва і згушчонкі, ды частаваліся ім з гарбатай, віншуючы адзін аднаго. “Мяркую, і ў Мазырскай калёніі вязьні не адмовіліся ад традыцыі адзначаць гэтае сьвята”, – кажа Тацяна Клімава.

“Ва ўсіх і паўсюдна ёсьць імкненьне да сьвята, а Новы год – як раз такое сьвята, якое зьвязанае з надзеямі, з марамі на спаўненьне пажаданьняў. Таму настрой вязьняў мусіць быць лепшым, чымсьці ў звычайныя дні, і мяркую, яны таксама будуць гэта сьвята адзначаць”.

Нагадаю, Андрэй Клімаў адбывае ужо трэцяе пакараньне. Гэтым разам апазыцыянэра асудзілі на паўтара году зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму за артыкул у інтэрнэце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG