На пляцоўцы ля Цэнтральнага рынку ялінкі ды ўпрыгожваньні да іх прапануюць каля паўсотні гандляроў. І цяжка нават адразу вызначыць, якім ялінкам гамельчукі аддаюць перавагу — натуральным ці штучным?
Спадарыня: “Штучная зручнейшая — дастаў і паставіў. А лясныя… Зь лясных потым іголкі падаюць”.
Спадарыня: “З лесу трэба – сапраўдная яліна, зялёная, прыгожая, пышная”.
Спадарыня: “Адзін раз заплацілі за штучную – і на ўсё астатняе жыцьцё”.
Штучныя ялінкі польскай вытворчасьці каштуюць ад 50 да 260 тысяч рублёў, у залежнасьці ад вышыні.
На прапановы людзі глядзяць па-філязофску:
Спадарыня: “Ну, калі трэба ялінка, купіш па любой цане”.
І ўсё ж заўважна, што больш гараджанаў купляюць натуральныя ялінкі.
Спадарыня: “Крыўдна за гэтыя ёлачкі, але ўсё адно купляю. Водар Новага году з жывой ёлачкай зьвязаны”.
Падтрымлівае такое меркаваньне й гараджанін сталага ўзросту:
Спадар: “Каб водар у кватэры быў, водар сапраўднага Новага году. Штучная ж ялінка ніякага паху ня мае. Гэта трэба браць яловыя шампуні ды пырскаць”.
Прадаўцы жывых елак гандлем задаволеныя.
Прадавец: “Штук трыццаць прадалі”.
Прадавец: “Ялінкі ад 10 да 25 тысяч. Натуральныя. У доме пахне лесам”.
Прывезьлі гэтыя ялінкі з Чачэрскага лясгаса. Прадавец сьцьвярджае, што ўсе яны правераныя на радыяцыю:
Прадавец: “Не адпускаюць без праверкі. Лясгас ня мае права адпусьціць без праверкі на радыяцыю”.
Напярэдадні Новага году гомельская гарадзкая ўправа гандлю арганізавала ў горадзе дванаццаць месцаў продажу ялінак — натуральных і штучных.