Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 21 сьнежня


Агляд беларускага сеціва.


У суполцы “Жывога журналу” Ігар Бялуга піша:

“Вырашыў перачытаць “Заданьне на зіму 2007 – 2008. Частка І” на сайце Андрэя Суздальцава. Бялуга тлумачыць: “У яго заўсёды была неблагая аналітыка, злосная, вядома, крыўдліва-гістэрычная, але ўсё ж талковая, калі не зьвяртаць увагі на гэтыя закідоны. Ну й абмеркаваньне крыху прагледзеў. У свой час да абмеркаваньня не дабраўся, пра што шкадую, вядома. Як заўсёды, у камэнтарах шчыруе мясцовы клоўн Аляксандар Іваноў. Расеец, які жыве ў Беларусі. Цытата:

“Расеі яшчэ варта Беларусі ўдар па рэпутацыі надзейнага дастаўцы энэргарэсурсаў прыгадаць! Усе гэтыя “газавыя” і “нафтавыя” войны – усю гэтую “ўдзячнасьць” народу Беларусі за шматгадовыя датацыі!.. Снобы, эгаісты і агрэсіўныя нацыяналісты – вось вы хто!.. Расея нарэшце зразумела (ці неўзабаве павінна зразумець), што ў яе НЯМА хаўрусьнікаў, апроч тых рускіх людзей, якія ёсьць грамадзянамі краінаў ПП. І калі беларускія нацыяналісты, адхіліўшы расейцаў ад усялякага кіраваньня СВАЁЙ дзяржавай, спрабуюць яшчэ й Расеі паскудзіць – дык трэба папросту перастаць улічваць інтарэсы беларускіх нацыяналістаў. Зрабіць беларускі нацыяналізм эканамічна НЯВЫГАДНЫМ!.. А расейцам у Беларусі – вярнуць іхныя ЗАКОННЫЯ ПРАВЫ на ўдзел у кіраваньні ЎЛАСНАЙ дзяржавай, у НАШАЙ краіне – Беларусі!..”

Вось такі гістэрычны напал. Цікава, Саша адказвае за свае словы? Ці не парушае ён беларускага заканадаўства?.. Бо краіна, выходзіць, ужо ня наша і мы ў гасьцях...”

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць навіну: адзіны ў Беларусі цэнтар для дзяцей-інвалідаў хочуць зачыніць. Пра гэта паведамляе “Комсомольская правда в Белоруссии”. За 10 гадоў існаваньня цэнтар не атрымаў афіцыйнага статусу. Меркаваньні ўдзельнікаў форуму:

“Куды коціцца гэтая краіна, няўжо дзяржава зусім ня можа хоць крыху паклапаціцца пра сваіх грамадзянаў. Ніводная зьмена не паляпшае жыцьця тых людзей, якія хоць у нечым абдзеленыя ў гэтым жыцьці”.

“Дык ці ёсьць нешта чалавечае яшчэ ў нас, ці можна пакідаць гэтых людзей без дапамогі, без увагі? Што за дзяржава ў нас, дзеля чаго нашыя абраньнікі знаходзяцца ў парлямэнце? Ці іхная ўвага скіраваная толькі на прадпрымальнікаў і на зьняцьце льготаў?”

“А я, наіўны, думаў, што людзі тым і адрозьніваюцца ад жывёлін, што выжывае ня толькі мацнейшы. А выяўляецца, што ўсё прасьцей: трэба жыць, як зьвяры – і ўвесь клопат: ніякіх цяжкасьцяў. І лякарні пазачыняць, а навошта яны? І дамы для старых, для нямоглых – адразу на той сьвет. Гэта ж колькі грошай у бюджэце захаваецца!”

На форумах сайту “Нашы дзеткі” Mann Kurt вырашыў абмеркаваць тэму цялесных пакараньняў дзяцей. Яго зацікавіла інфармацыя агенцтва “Reuters” пра тое, што гішпанцам заканадаўча забаранілі біць сваіх дзяцей. Mann Kurt камэнтуе:

“Я нядаўна ўпершыню ў жыцьці выпараў свайго Марціна (8 гадоў) дзягай, таму што дастаў канкрэтна. Верашчаў моцна, але цяпер разумее, што дзяга – не мэтафара. Я згодны, што бацькоў-садыстаў трэба прыцягваць да адказнасьці. Але зусім безь фізычных пакараньняў абысьціся нельга. Я іх ужываю мо раз на месяц. А то й радзей»

А блогер Klezmer прапануе чытачам свайго сеткавага дзёньніка сюррэалістычнае фота, зробленае ўвечары ля мэтро “Плошча Якуба Коласа” ў Менску. На фота відаць плякат “Беларусь ЗА самабытнасьць” – там зьмешчана выява вясковай бабулі ў нацыянальным строі. Праз гэты плякат прасьвечваецца рэкляма сотавых тэлефонаў.

“Ніякага фаташопу, – запэўнівае Klezmer. – Відаць, беларускія сотавыя апэратары нарэшце актыўна ўзяліся за забесьпячэньне сувязьзю вёскі”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГІ”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG