Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Кандрусевіч cустрэнецца з настаўнікамі


У касьцёле Сьвятых Сымона і Алены ў суботу адбудзецца сустрэча Тадэвуша Кандрусевіча з выкладчыкамі, настаўнікамі і выхавацелямі Менску.


Гэта адна са шматлікіх сустрэч з уладамі і грамадзкасьцю, якія кіраўнік каталіцкага касьцёлу ў Беларусі распачаў пасьля афіцыйнага ўступленьня на пасаду.

Яшчэ да сьвята Нараджэньня Хрыстова Тадэвуш Кандрусевіч плянуе сустрэцца, апрэч вернікаў і сьвятароў, з настаўнікамі, мэдыкамі, дзеячамі культуры, вайскоўцамі, вязьнямі. Пра гэта паведаміў адзін з памочнікаў мітрапаліта, ксёндз Ігар Лашук:

“Такія спатканьні адбываюцца ўпершыню. І мы ў нейкім сэнсе піянэры ў гэтай справе. Часу для падрыхтоўкі ў нас не было зашмат, і таму пакуль займаемся толькі Менскам. Спадзяемся, у наступныя гады ўся Менска-Магілёўская архідыяцэзія будзе ахопленая”.

Цягам першага месяца працы на новай пасадзе Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся таксама з кіраўніком камітэту ў справах рэлігій Леанідам Гулякам, уладамі Горадні і Магілёву, правёў дзьве прэсавыя канфэрэнцыі для беларускіх і замежных журналістаў. У сучаснай Беларусі такое адбываецца ўпершыню, і з гэтай нагоды мітрапаліт нават жартуе:

“Тут не хапае яшчэ аднаго спатканьня. Затэлефанавалі мне з Масквы, бо там таксама нехта прачытаў у інтэрнэце і кажуць: бачыш, са спартоўцамі няма сустрэчы. Ты сам спортам займаесься, таксама ваш прэзыдэнт у хакей гуляе, а са спартоўцамі сустрэчы няма. Можа, трэба нешта такое зрабіць, як ня ў гэтым годзе, то ў наступным”.

Перадкалядныя сустрэчы Тадэвуша Кандрусевіча асаблівыя: з кожным удзельнікам ён дзеліцца аплаткай – белым кавалачкам хлеба, які сымбалізуе ламаньне хлеба Хрыстом падчас Апошняй вячэры. Адказваючы на шматлікія пытаньні, часта падкрэсьлівае: у моўным пляне ў Беларусі будуецца беларускі касьцёл, хоць ён адкрыты і для іншых моваў сьвету.
Ты сам спортам займаесься, прэзыдэнт у хакей гуляе, а са спартоўцамі сустрэчы няма
Гэтаксама ён адкрыты для кантактаў з грамадзкасьцю і да ўсяго новага, прагрэсіўнага. Да прыкладу, сёлета перад пачаткам галоўнай імшы на сьвята Божага Нараджэньня, а 24-й гадзіне 24 сьнежня, каля менскай катэдры адбудзецца музычны фэервэрк, кажа ксёндз Аляксандр Амяльчэня:

“Аказваецца Бах пісаў музыку адмыслова для фэервэркаў. І вось пад гучаньне музыкі Баха адбудзецца сапраўдны фэервэрк на 150 мэтраў у вышыню. Некаторыя кажуць, што гэта выкінутыя ў паветра грошы, але гэта нашае прызнаньне Хрысту. Гэтая нашая ўдзячнасьць Хрысту, гэта наша радасьць, наш аптымізм, якім мы дзелімся зь людзьмі. Калі ласка, усіх запрашаем”.

Зьмены ў каталіцкім касьцёле пад кіраўніцтвам Тадэвуша Кандрусевіча камэнтуе вернік пратэстанцкай царквы, палітоляг Уладзмер Мацкевіч:

“Гэта вельмі добры знак для беларусаў, што мітрапаліт сустракаецца з рознымі групамі беларускага грамадзтва, не забываецца пра сваіх настаўнікаў. Як, да прыкладу, езьдзіў у Гародню на пахаваньне аднаго са старэйшых каталіцкіх сьветароў. Я думаю, што ягоная дзейнасьць сьведчыць ня толькі пра ягоныя асабістыя якасьці, але і пра актывізацыю дзейнасьці каталіцкага касьцёла”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG