Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Кучынскі: “Палата прымае “прававыя вінэгрэты”


Сёньня завяршылася восеньская сэсія Палаты прадстаўнікоў.


Наступны раз дэпутаты, згодна зь дзейным заканадаўствам, зьбяруцца толькі 2 красавіка 2008 году.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў на выніковай прэсавай канфэрэнцыі гаварыў пра надзвычай добрае ўзаемадзеяньне ўсіх галінаў улады ў Беларусі.

“Асабліва адзначу канструктывізм, які ўзмацніўся ў законатворчым працэсе, і ўзгодненасьць пры галасаваньні па самых рэзанансных законапраектах, што сьведчыць пра іх добрую прапрацоўку. Накладкі, якія ўзьнікалі, мы зьнялі праз працэдуру ўзгадненьня, безь непатрэбнага нагнятаньня.

Лічу такі падыход вельмі важным. Бо з нашых паводзінаў людзі робяць высновы ня толькі пра дзейнасьць парлямэнту, але і пра ўзровень адзінства галінаў улады. А значыць, і пра стабільнасьць у дзяржаве, грамадзтве”.

Інакш глядзіць на сытуацыю дэпутат Віктар Кучынскі, які, дарэчы, нязьменна працуе ў парлямэнце з часоў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Нагодай для публічнага выступу стала рашэньне ягоных калегаў, якія сёньня зьмянілі закон аб Савеце Міністраў, увёўшы ў склад ураду кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі і старшыню Камітэту дзяржкантролю. Кучынскі лічыць, што з гэтага атрымаўся “прававы вінэгрэт”:

“Нельга рабіць такія рэчы з адной простай прычыны — трэба ж паважаць саміх сябе, Канстытуцыю і тыя рашэньні, якія прымаюцца. Канстытуцыя вызначае, што Камітэт дзяржкантролю кантралюе выкананьне бюджэту, актаў ураду, прэзыдэнта і г.д. Як можна кіраўніка структуры, якая павінна кантраляваць урад, уводзіць у склад ураду?!

Такі хаос у норматворчасьці прысутнічае ў шмат якіх законапраектах, то бок тых праектах законаў, якія да нас сюды паступаюць”.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі гэтак ацэньвае дзейнасьць цяперашняй Палаты прадстаўнікоў:

“Гэтыя людзі, у сваёй бальшыні нікому не вядомыя, ніколі не выступяць насуперак таго, што прапануюць з прэзыдэнцкай Адміністрацыі. Яны, быццам бы абраныя (хоць тут ёсьць вялікі сумнеў), адмянілі ўсе сацыяльныя гарантыі для сваіх выбаршчыкаў. І калі бязьдзейнасьць і адсутнасьць ініцыятывы лічыць прыкладам працы, дык тады яны гэтаму і адпавядаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG