Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паспрабуй купі лекі за поўны кошт!”


Sweden - telephone , 1896
Sweden - telephone , 1896

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” 18 сьнежня

Слухачы Радыё Свабода камэнтуюць Закон аб дзяржаўных сацыяльных ільготах:

Ларыса, Менск: “Скасавалі льготы на праезд. А што рабіць інвалідам трэцяй групы і асобам сталага веку, якім ужо больш за 70 гадоў і яны вэтэраны працы? Я лічу, што гэта несправядліва”.

Спадар: “Паважаныя пэнсіянэры і інваліды, сёньня ў нас “чорны дзень”. “Бацька” забраў нашы нязначныя, але ўсё ж ільготы. Дык няхай гэта яму і ягонай зграі будзе на лекі”.

Спадар: “Я хачу выказацца наконт адмены льготаў. Так, некаторыя моманты слушныя. Але тым, хто з 1920—30 гадоў, ужо па восемдзесят. Ім можна было б і захаваць. Яны ўжо нічога ня могуць. Вось лекі — гэта праблема. Мор старых пойдзе страшны. Паспрабуй купі тыя лекі за поўны кошт”.

Спадар: “Паважаныя спадары са “Званкоў на Свабоду”! Адкуль вы ўзялі і чаму так узрадаваліся, што даюць паўтара мільярда даляраў крэдыту і што яны ўжо да новага году будуць у Менску? Найхутчэй, гэтыя грошы з так званага стабілізацыйнага фонду Расеі проста перакінуць у Міністэрства фінансаў той самай Расеі. І міністар фінансаў будзе даплачваць кампаніі “Газпром” розьніцу паміж коштам, які ўзгаднілі ў Менску цяпер, і цаной сапраўднай, эўрапейскай...

Званок слухача камэнтуе эканаміст Яраслаў Раманчук:

“Палітычная дамоўленасьць — гэта яшчэ не тэхнічнае выдзяленьне крэдыту. Я думаю, у гэтым годзе крэдыт ня будзе атрыманы Беларусьсю, бо Мінфін Расеі цэлы год цягнуў з крэдытам, пра які быццам таксама дамовіліся. Па-другое, калі гэта будзе дзяржаўны крэдыт, ён, безумоўна, павінен трапіць у Беларусь, а ня будзе разьмеркаваны ў Расеі. Я думаю, ён ня будзе прывязаны да набыцьця акцый “Белтрансгазу”. Гэта такі спосаб, каб павялічыць залежнасьць Беларусі ад расейскіх рэсурсаў. Калі далучыць да гэтага залежнасьць фінансавую, то ў 2011 годзе спадару Лукашэнку цяжка будзе адстойваць свае прынцыпы, на якіх ён, па сутнасьці, ашукваў Расею апошнія 10 гадоў”.

Спадар: “Гэта ўсё здагадкі, што ствараецца саюз і дзеля гэтага прыяжджаў да Лукашэнкі Пуцін. Хутчэй за ўсё, гэта тычыцца ваенных дзеяньняў. Усталяваць гэтыя ракеты ў нашай краіне — усё рашэньне. Так што няма чаго тут галаву ламаць і думаць. Хутчэй за ўсё, гэта адказ амэрыканцам”.

Рэпліку слухача “Свабоды” камэнтуе экспэрт у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін:

“Безумоўна, ваенная праблематыка прысутнічала ў перамовах. Захады ў адказ распрацоўваюцца. Частка экспэртаў прапануе разьмясьціць ракетны комплекс “Іскандэр” у Калінінградзкай вобласьці, другая частка — разьмясьціць “Іскандэр” у Беларусі, трэцяя — і там, і там. Яшчэ прапрацоўваецца выкарыстаньне аэрадромнай беларускай сеткі ў якасьці так званых аэрадромаў падскоку для расейскай дальняй авіяцыі”.

Уладзімер Лапацін, пэнсіянэр: “Шаноўнае Радыё Свабода! На працягу больш як дзесяці гадоў спрабую купіць беларускі праваслаўны каляндар. У царкоўнай крамцы пры Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы кожны год адказваюць па-рознаму: “Ужо няма”, “Яшчэ не паступілі” і гэтак далей. І тут жа прапаноўваюць праваслаўны каляндар на расейскай мове. Маё пытаньне: ці выпускае Беларуская праваслаўная царква беларускі праваслаўны каляндар, і калі выпускае, то дзе яго можна набыць? І другое. Па вашым любімым мною радыё чуў, што друкуецца каляндар “Родны край”. Маё пытаньне: дзе яго можна набыць?”

Адказвае супрацоўніца выдавецкага аддзелу “Брацтва трох віленскіх пакутнікаў” Тацяна Матрунчык:

“У гэтым годзе мы крыху затрымаліся з гэтым выданьнем. Каляндар выйдзе да Раства, і набыць яго можна будзе ў Петрапаўлаўскім саборы горада Менску і ў Брацтве трох віленскіх пакутнікаў. У календары будуць, як заўсёды, дадатковыя часткі. Адна з гэтых частак будзе прысьвечаная 1015-годзьдзю Беларускай праваслаўнай царквы, а другая частка — 400-годзьдзю памяці дабравернага князя Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага, якое будзе адзначацца ў 2008 годзе”.

Што да адрыўнога календара “Родны край”, выдавецтва “Беларусь” на 2008 год яго не выпусьціла, выданьне яго стратнае. Тлумачыць галоўны рэдактар выдавецтва “Беларусь” Якаў Аляксейчык:

“Каляндар зьявіцца ў наступным годзе. То бок выпусьцім на 2009 год. На 2008 не было заявак, дык мы і не плянавалі. А на папярэдні год ён не разышоўся, таму і ня выпусьцілі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG