Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За Свабоду” скардзіцца ў Вярхоўны Суд


Сёньня Вярхоўны суд Беларусі пачаў разгляд скаргі Юрася Губарэвіча, Аляксея Кавальца і Аляксандра Мілінкевіча. Ад імя рады заснавальнікаў грамадзкай арганізацыі “За Свабоду” яны патрабуюць скасаваць рашэньне Міністэрства юстыцыі, якое адмаўляе ёй у рэгістрацыі.


Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксей Печкуроў у судзе заявіў: у міністэрства толькі адна прэтэнзія да арганізатараў устаноўчай канфэрэнцыі грамадзкага аб’яднаньня “За свабоду” — тое, што яны папярэдне не паведамілі ў выканкам пра сваю акцыю.

Аляксандар Мілінкевіч кажа, што за 21 год грамадзкай дзейнасьці ён яшчэ ніколі не сустракаўся з такім патрабаваньнем:

“Ніколі. Ня ведаю ніводнага такога прыкладу, хоць калі я працаваў у арганізацыі “Ратуша”, у нас быў свой праваабарончы цэнтар і мы кансультавалі людзей, дапамагалі ім, выступалі ў судах. У мяне тут практыка вельмі вялікая. А гэты выпадак — унікальны”.

Юрыст, праваабаронца Юры Чавусаў атрымаў ад судзьдзі Ганны Сакалоўскай, якая разглядае гэтую справу, дазвол дапамагаць заяўнікам арганізацыі “За свабоду”. Ён тлумачыць патрабаваньне міністэрства юстыцыі так:

“Дакумэнты для рэгістрацыі былі падрыхтаваныя бездакорна. І не заставалася ніякіх іншых варыянтаў, як прычапіцца да самога ўстаноўчага мерапрыемства. Быццам бы яно магло рабіцца толькі з дазволу мясцовага выканаўчага органу.

Падобных аналягаў няма. Заўжды адбываюцца ўстаноўчыя сходы і дазволу на іх ад выканкамаў ня трэба. Ну, а зараз прыдумалі вось такую новую “фішку”.

Заяўнік Аляксей Кавалец тлумачыў у судзе, што ўстаноўчая канфэрэнцыя адбывалася на закрытай тэрыторыі (у былым піянэрскім лягеры), з дазволу яе гаспадара — дарэчы, грамадзяніна ЗША:

“Яны ў міністэрстве прыдумалі зачэпку, якая пярэчыць заканадаўству. На судзе мы давялі, што нідзе не сказана, што павінны прадстаўляцца дакумэнты пра дазвол мерапрыемства. Гэта — унікальная зьява, канечне. І таму я ў сваім выступе сёньня казаў, што мы зараз знаходзімся на ўнікальным судзе. Сытуацыя — супэрабсурдная”.

Судзьдзя Ганна Сакалоўская абвясьціла ў слуханьнях перапынак.

Устаноўчая канфэрэнцыя праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “За Свабоду” адбылася ў Менскім раёне 11 жніўня. У ёй удзельнічалі 74 асобы. Аднак Мінюст адмовіў ім у рэгістрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG