Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі кнігі Мальдзіса


Сёньня ўвечары ў Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі адбылася прэзэнтацыя дзьвюх кніг. Адна зь іх – гэта том выбраных твораў Адама Мальдзіса, які выйшаў у сэрыі гістарычна-літаратурных помнікаў “Белкнігазбору”, а другая – важкі том у гонар 75-годзьдзя гэтага знанага дасьледчыка гісторыі беларускай культуры. Том у гонар Мальдзіса падрыхтавала Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, а выйшаў ён у выдавецтве “Лімарыус”.


Намесьнік старшыні Таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Анатоль Шынкевіч назваў спадара Мальдзіса хадзячай энцыкляпэдыяй. І потым гэтую тэзу разьвівалі іншыя выступоўцы. Да прыкладу, галоўны рэдактар “Белкнігазбору” Кастусь Цьвірка назваў аўтара выдадзенага ягоным выдавецтвам тому ўнівэрсытэтам. Цьвірка прызнаўся, што ідэя “Белкнігазбору” нарадзілася ў яго дзякуючы Мальдзісавым артыкулам:

“Я пачытаў яго першую кнігу пра беларуска-польскія культурныя дачыненьні XIX стагодзьдзя і потым іншыя яго кнігі і вельмі захапіўся гэтай літаратурай і захацеў усё гэта выдаць”.

Дырэктар Інстытуту польскага ў Менску Пётар Казакевіч распавёў, што калі ён зьвярнуўся да патэнцыйных фундатараў, каб дапамагчы выхаду кніг прафэсара Мальдзіса, то яму адказалі, што маюць права дапамагаць толькі навуковым інстытуцыям. На што пан Казакевіч зазначыў, што прафэсар Мальдзіс – гэта цэлы навуковы інстытут у адной асобе. І праблема вырашылася.

“За межамі Беларусі пан прафэсар Мальдзіс вядомы як вялікі знаўца і прапагандыст беларускай культуры. Тое праўда, але я хацеў паведаміць, што мы ў Польшчы ведаем прафэсара Мальдзіса як вялікага знаўцу і прыязьніка польскай культуры”, – сказаў на прэзэнтацыі Пётар Казакевіч.

Калега Адама Мальдзіса літаратуразнаўца Вячаслаў Чамярыцкі расказаў, што нядаўна ў Акадэміі навук праводзілася анкетаваньне супрацоўнікаў. І Чамярыцкі на прапанаванае пытаньне пра ўзор беларускага навукоўцы ягонай галіны назваў прафэсара Мальдзіса.

Адам Мальдзіс спыняў залішнюю пахвалу ягонай пэрсоне і шчодра адарыў амаль усіх прысутных на вечарыне прэзэнтаванымі на ёй кнігамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG