Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: С.Кавалеўскага не адлічаць з унівэрсытэту


Старшыня моладзевай суполкі беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Станіслаў Кавалеўскі працягне навучаньне ў Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце. У гэтым сустаршыню рэспубліканскай рады названага прафсаюзу Аляксандра Бухвостава пісьмова запэўніў рэктар унівэрсытэту Канстанцін Бандарэнка.


“Унівэрсытэт ня можа даваць прававых ацэнак учынку Станіслава Кавалеўскага. Гэтую ацэнку ўжо даў суд. З свайго боку мы можам толькі ацэньваць ягоныя дзеяньні ў маральных катэгорыях. Цяпер пытаньня пра адлічэньне Кавалеўскага з унівэрсытэту няма. Ён можа быць адлічаны з унівэрсытэту не праз сваю прафсаюзную дзейнасьць, а праз парушэньне правілаў унутранага распарадку і дрэнную вучобу”, — зазначыў у лісьце рэктар Бандарэнка.

“У нейкай ступені мы атрымалі гарантыі таго, што Кавалеўскі ня будзе адлічаны. З другога боку, я думаю, што тут ёсьць пэўная двухсэнсоўнасьць. Нашым студэнтам цяпер займацца палітычнай, грамадзкай дзейнасьцю практычна забаронена”, — гэтак пракамэнтаваў ліст Канстанціна Бандарэнкі Аляксандар Бухвостаў.

Студэнта другога курсу гістарычнага факультэту пэдунівэрсытэту Станіслава Кавалеўскага затрымалі напярэдадні “Эўрапейскага маршу”. Да суду ён трое сутак адседзеў у магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Трыма суткамі і пакарала Кавалеўскага судзьдзя Ленінскага суду Ірына Сарока. Згодна з судоваю пастановай, прафсаюзны актывіст нібыта спраўляў на прыпынку грамадзкага транспарту фізіялягічную патрэбу, а калі міліцыянты зрабілі яму заўвагу, абрынуўся на іх з лаянкай.

Пры канцы лістапада пэдагагічная рада ўнівэрсытэту пастанавіла адлічыць студэнта з ВНУ за гэтае правапарушэньне. Увод пастановы ў дзеяньне, аднак, адтэрмінавалі да рашэньня абласнога суду, куды Станіслаў Кавалеўскі зьвярнуўся абскардзіць рашэньне Ленінскага суду Магілёву.

Каб засьцерагчы Кавалеўскага ад магчымага адлічэньня з унівэрсытэту, 30 лістапада да рэктара Канстанціна Бандарэнкі пісьмова зьвярнуўся Аляксандар Бухвостаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG