Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Сурвіла – за незалежную, шчасьлівую, дэмакратычную Беларусь!


Радыё Свабода Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвяртаецца да слухачоў “Свабоды” і ўсяго беларускага народу з адмысловым навагоднім пасланьнем ( аўдыё --> http://archive.svaboda.org/info/audio/survila2005.mp3 ).

Дарагія і паважаныя мае суродзічы беларусы, дарагія сябры!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі маю вялікі гонар вітаць Вас у гэты сьвяточны вечар і пажадаць Вам усяго найлепшага ў гэтым сьвеце.

Суродзічам, раскіданым па сьвеце, жадаю здароўя, добрага самапачуцьця, плёну ў працы і пачуцьця салідэрнасьці зь беларускім народам на бацькаўшчыне, для якога 2005 год быў асабліва бязьлітасным

Жадаю Вам памятаць свой край і свой народ, і рабіць усё магчымае, каб нашая культура, нашая мова, нашая беларускасьць магла б калісь вярнуцца ў Беларусь.

Беларускаму народу на бацькаўшчыне жадаю волі і веры ў свае сілы, бо сапраўды цяжка выкараніць з душы раба, які нас трымае ў няволі. Жадаю, каб памагатыя рэжыму зразумелі, што перад вечнасьцю дабро свайго народу куды важнейшае за часовыя выгады на службе ў цынічнага дыктарара.

Малю Бага, каб у сэрцы кожнага беларуса абудзілася бясконцая любоў да свайго роднага краю і да свайго народу. Бо толькі гэтая любоў выведзе нас на шлях адданага, ахвярнага змаганьня за лепшую долю Беларусі.

З глыбіні сэрца жадаю ўсім нам стацца вольнымі грамадзянамі незалежнай, шчасьлівай, дэмакратычнай беларускай дзяржавы.

З новым годам! З Новым шчасьцем! Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла Старшыня Рады БНР

• аўдыё (mp3, 629 кілябайт)
XS
SM
MD
LG