Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін’юст легалізаваў праўладную арганізацыю літаратараў


Ігар Карней, Менск 30 сьнежня Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала грамадзкае аб’яднаньне “Саюз пісьменьнікаў Беларусі”. Нагадаем, што арганізацыя з такой назвай была заснаваная падчас устаноўчага сходу сёлета 18 лістапада. Старшынём гэтай пісьменьніцкай структуры абраны сябра Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу Мікалай Чаргінец.

Кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў на чале з Алесем Пашкевічам зьбіраецца зьвярнуцца ў Мін’юст па тлумачэньні: на якой падставе зарэгістраванае гэтае літаратурнае аб’яднаньне, калі ў 1996 годзе папраўкамі ў законе “Аб грамадзкіх арганізацыях” імя краіны для выкарыстаньня было забароненае.

Падчас заснавальніцкага сходу 18 лістападу, на які, дарэчы не былі дапушчаныя сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, выступоўцы заклікалі да стварэньня пісьменьніцкай альтэрнатывы на той падставе, што сяброўства ў “старой” арганізацыі не пасуе іхным прафэсійным густам. Маўляў, там “вялася мэтанакіраваная праца на супрацьстаяньне з уладамі і дыскрэдытацыю існуючага ладу”. У выніку літаратары, якія ў масе сваёй працуюць у дзяржаўных установах, вырашылі “адмежавацца” ад палітыкі. Паэт Уладзімер Карызна кажа, што паколькі “стары” саюз пісьменьнікаў практычна разваліўся, паўстала пытаньне – куды падацца “таленавітым творцам”? (Карызна: ) “У нас Саюз разграмілі, усе адным за адным пачалі ў ім расчароўвацца. Таму Саюзу старога ў тым выглядзе ўжо няма, а пісьменьнікі добрыя засталіся. І мне, і астатнім цікава, каб было штосьці новае”. Склад новай арганізацыі – паўтары сотні чалавек. Прычым, дзеля павелічэньня колькаснага складу, як сьведчаць асобныя ўдзельнікі сходу, дзьверы да ўступленьня ў арганізацыю былі адчыненыя літаральна для ўсіх ахвотных. Таму сярод новых сябраў “Саюзу пісьменьнікаў Беларусі” так шмат маладых і пакуль што нікому не вядомых літаратараў са значкамі БРСМ.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, для якога легалізацыя яшчэ аднаго пісьменьніцкага аб’яднаньня стала навіной, перакананы: сёньняшняя рэгістрацыя “Саюзу пісьменьнікаў Беларусі” супярэчыць нормам беларускага заканадаўства.

(Пашкевіч: ) “Ня ведаў нават, вы першы мне паведамілі… А ўвогуле, гэта пярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Саюзам пісьменьнікаў Беларусі да 1996 году называўся наш Саюз. Калі было зьмененае заканадаўства і ў закон “Аб грамадзкіх арганізацыях” былі ўнесеныя папраўкі, грамадзкім арганізацыям было забаронена мець у сваёй назьве імя краіны. Адпаведна, быў сабраны сход Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, мянялі статут і прымалі агульнае рашэньне наконт назвы. І паўстаў з Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, а яшчэ раней – з Саюзу пісьменьнікаў БССР – Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Гэткае рашэньне ўрэшце рэшт абражае годнасьць усіх пісьменьнікаў Беларусі, а ў першую чаргу – знакавых пісьменьнікаў, вядомых, народных паэтаў і празаікаў”.

Як удакладніў спадар Пашкевіч, у першыя дні новага году адбудзецца паседжаньне Рады пісьменьнікаў, на якім будзе прынятае калегіяльнае рашэньне – зварот з просьбай адпаведных тлумачэньняў да Міністэрства юстыцыі.

Адзін са старэйшых беларускіх паэтаў Васіль Зуёнак, як і прагназаваў Алесь Пашкевіч, “клянаваньне” у пісьменьніцкім асяродку ўспрымае балюча. Ён перакананы, што дзяліць беларускім літаратарам няма чаго.

(Зуёнак: ) “Я заўсёды стаяў на цьвёрдых пазыцыях, каб Саюз у нас быў адзіны. Таму што мэта ў нас (пакуль што) адзіная – захаваць нашую Беларусь як дзяржаву, захаваць нашую мову, нашую літаратуру. Пазыцыі гэтыя нікому не пагражаюць. Ківаюць некаторыя гарачыя галовы, што вось, маўляў, мы выступаем і супраць расейскага народу, шукаюць гэта ў нашых творах. Як клясыкі нашыя глядзелі на гэтыя вострыя пытаньні, так і мы павінны глядзець, вучыцца ў іх”.

Такім чынам, рэгістрацыя новага “Саюзу пісьменьнікаў Беларусі”, кіраўніком якога больш палітык, чым пісьменьнік Мікалай Чаргінец, паўтарыла сытуацыю, якая ад 1991 году існуе ў Расеі. Там таксама ёсьць Саюз пісьменьнікаў Расеі і Расейскі Саюз пісьменьнікаў (умоўна – “патрыятычны” і “дэмакратычны”). Праўда, там апошнім часам усё часьцей чуюцца заклікі да аб’яднаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG