Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці заслугоўвае Расея права старшыняваць у G-8?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага 1 студзеня Масква прымае ратацыйнае кіраўніцтва ў васьмёрцы самых разьвітых краінаў сьвету. І ў гэты ж дзень Масква пагражае адключыць пастаўкі газу Ўкраіне, калі тая адмовіцца плаціць цану ў чатыры разы вышэйшую за сёлетнюю. Многія аналітыкі гэта называюць шантажом і задаюць пытаньне: дык ці заслугоўвае Расея лідэрства ў вялікай васьмёрцы?

2006 год Расея мае правесьці ля руля аднаго з самых магутных глябальных зьвязаў. Прэзыдэнт Пуцін атрымаў рэдкую магчымасьць павысіць міжнародны статус сваёй краіны. У Маскве будзе адбывацца шмат паседжаньняў на міністэрскім узроўні, на якіх будуць абмяркоўвацца праблемы глябальнага маштабу.

І для Расеі гэта важна, бо афіцыйна існуе вялікае сямёрка (G-7), у працы якой апошнімі гадамі бярэ і Расея нягледзячы на тое, што яна не зьяўляецца сусьветным эканамічным лідэрам. Але Расея мае даволі ўстойлівы рост эканомікі і вялікія энэргетычныя запасы. А менавіта энэргетычная палітыка стане важнай тэмай падчас старшынёўства Расеі ў “вялікая васьмёрцы”.

Спрэчкі Расеі з Украінай адносна цаны на газ тычацца і краінаў Захаду, на рынкі якіх Расея стала пастаўляе газ, у тым ліку і праз тэрыторыю Ўкраіны. Калі 1 студзеня пастаўкі газу ва Ўкраіну, як заяўляе “Газпром”, будуць спыненыя, дык гэта можа азначаць і паліўны крызыс у Эўрапейскі Зьвязе, які атрымлівае чвэрць яго прыроднага газу ад “Газпрому”.

Перамовы ж паміж Масквой і Кіевам зайшлі ў тупік. Украінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка назваў цану ў 230 даляраў за тысячу кубамэтраў непрымальнай і заявіў, што Ўкраіна можа плаціць ня болей, як па 75-80 даляраў. Адхіліў ён і прапанаваны Пуціным расейскі крэдыт памерам 3.6 мільярда даляраў.

(Юшчанка: ) “Гаворачы пра ўкраінскую цану, мы вельмі ўдзячныя за прапанаваныя крэдыты, але Ўкраіна не патрабуе гэтых крэдытаў. Украіна будзе разьлічвацца сваімі сродкамі за правільна вызначаную цану”.

Сярод тых, хто заявіў, што высокія цэны на газ для Ўкраіны палітычна матываваныя, быў і Андрэй Іларыёнаў, былы дарадца Пуціна ў эканамічных пытаньнях. Менавіта яму прыпісваюць ўдалую палітыку, дзякуючы якой Расея змагла выплаціць большую частку сваіх эканамічных даўгоў і нармалізаваць сытуацыю з падаткаабкладаньнем. На думку назіральнікаў, ягоная адстаўка ў аўторак аслабіць расейскае кіраўніцтва ў “вялікай васьмёрцы”.

Аналітыкі таксама кажуць, што і новае заканадаўства Расеі, якое абмяжоўвае працу няўрадавых арганізацыяў, кідае цень на Маскву як кіраўніка “вялікай васьмёркі”.

Аднак, ёсьць і іншыя меркаваньні. Эрык Краўс, галоўны стратэг у брокерскай фірме каштоўных папераў “Совлінк” у Маскве, кажа, што палітычныя праблемы такога кшталту ня могуць істотна ўплываць на старшынёўства ў васьмёрцы:

(Краўс: ) “Расея запрошаная ў “вялікую васьмёрку” паводле дзьвюх прычынаў. Найперш, з гледзішча энэргетычнай палітыкі Расея багатая на энэргарэсурсы. І яна зьяўляецца ўстойлівай і бясьпечнай крыніцай такіх рэсурсаў. Па-другое, у Радзе Бясьпекі ААН Расея мае права вета, у якім зацікаўленыя афрыканцы. Каб стаць часткай васьмёркі, не абавязкова задавальняць густам спэцыфічнай палітычнай фракцыі”.

Тым часам расейская газэта “Московскій комсомолец” прадказвае, што расейскае кіраўніцтва ў васьмёрцы будзе зьвязанае ня з ружамі, а зь вялікай колькасьцю шыпоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG