Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Вольскі: “Мы жывём у фантастычнай сытуацыі, у фантастычнай краіне”


Радыё Свабода Якія падзеі 2005 году найбольш значныя ў жыцьці краіны? Што было добрага і кепскага? Якія пэрспэктывы чакаюць Беларусь? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае лідэр рок-гурта “NRM” Лявон Вольскі.

(Вольскі: ) “Ня ведаю нават, што адказаць, бо мы жывём у такой краіне, дзе адна і тая ж падзея можа разглядацца і як станоўчая, і як адмоўная. Да прыкладу, будаўніцтва паркінгу на Нямізе — гэта станоўчая падзея з гледжаньня таго, што там будуць паркавацца машыны, бо ў цэнтры сапраўды цяжка з паркоўкамі. Утылітарна — гэта нармалёва, але з гледжаньня архітэктуры — гэта бяда, што на Нямізе зьявіцца такі паркінг, і гэта страшная трагедыя. Таму ў тым, што адбываецца ў нашай краіне, прынамсі, для мяне, цяжка вызначыць станоўчыя і адмоўныя бакі. Калі зважаць на цяперашні час, на нашае геаграфічнае становішча і гэтак далей, то папросту мы жывём у фантастычнай сытуацыі, у фантастычнай краіне. І твая асабістая фантазія нават не дасягне тых вышыняў, як тое, што цяпер адбываецца насамрэч. І ў гэтай фантастыцы мы вымушаныя жыць, а таму мне вельмі цяжка знайсьці градацыю станоўчага і адмоўнага”.

(Карэспандэнтка: ) “Што, на вашую думку, можа адбывацца бліжэйшым часам?”

(Вольскі: ) “Мне вельмі цяжка прагназаваць, бо я не аналітык, ня маю наўпроставага дачыненьня да палітыкі. Адно, што магу сказаць, гэта тое, што сытуацыя можа мяняцца і разьвівацца ў вельмі нечаканым кірунку. Ізноў жа — таму што мы жывём у абсалютна фантастычнай сытуацыі і ніхто ня ведае, што можа адбыцца заўтра. І гэта ня толькі можа тычыцца прыняцьця нейкіх законаў, але і наагул могуць быць любыя павароты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG