Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выбарчых камісіях прадстаўнікоў партыяў менш за 3%


Уладзімер Глод, Менск У тэрытарыяльных выбарчых камісіях прадстаўнікоў палітычных партыяў — менш за 3%. Менавіта такую лічбу назваў сёньня сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік, камэнтуючы для Радыё Свабода вынікі фармаваньня тэрытарыяльных камісіяў. Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты (перадусім, сябры палітычных партыяў) лічаць, што такі падыход дыскрымінацыйны.

З афіцыйна зарэгістраваных у Беларусі сямнаццаці палітычных партыяў сваіх прадстаўнікоў у камісіях маюць толькі шэсьць. Прычым, дзьве траціны ўсіх партыйцаў прадстаўляюць Камуністычную партыю Беларусі, якая ўжо заявіла, што на гэтых выбарах падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Астатнія (адна-дзьве асобы) прыпадаюць на Лібэральна-дэмакратычную, Сацыяльна-спартыўную, Аграрную партыі, а таксама на Партыю БНФ і Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці.

Спадар Лазавік лічыць, што колькасьць партыйцаў у выбарчых камісіях сьведчыць пра невялікі ўплыў партыяў на жыцьцё грамадзтва:

(Лазавік: ) “Прадстаўнікі партыяў складаюць 3%, нават крыху менш. Напэўна, гэта і гаворыць пра рэальнае ўзьдзеяньне палітычных партыяў на грамадзка-палітычныя працэсы, што праходзяць у нашым жыцьці. І асабліва гэта, напэўна, гаворыць пра тое, як ставяцца да партыяў мясцовыя ўлады. Напэўна, яны ня бачаць у палітычных партыях рэальных памочнікаў у вырашэньні праблемаў, якія ўзьнікаюць перад жыхарамі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак”.

Мечыслаў Грыб, кіраўнік ініцыятыўнай групы лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандра Казуліна, лічыць, што фармаваньне камісіяў паказала сапраўдныя намеры ўлады:

(Грыб: ) “Мы вылучылі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, якіх у краіне ўтворана 165, дваццаць восем сваіх прадстаўнікоў, пераважна сябраў нашай партыі. Ніводнага нашага прадстаўніка туды не ўключылі. Ніводнага! Ні ў адну камісію — ні ў абласную, ні ў раённую, ні ў гарадзкую. Для нас гэта не было нечаканасьцю, усё паўтарылася. Камісіі з боку выканаўчай улады фармуюцца перадузята. Хто ім падыходзіць, таго бяруць, а хто не падыходзіць — таго не бяруць”.

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч зьдзіўлены тым, што ад яго партыі ў камісіях будуць усяго дзьве асобы:

(Гайдукевіч: ) “Я, канечне, ня тое што засмучаны, я страшэнна засмучаны. Таму што мы давалі людзей падрыхтаваных, якія маюць пэўны досьвед. Мы ж не байкатавалі ніякіх выбараў, заўжды рыхтаваліся. І таму такое стаўленьне вельмі непрыемнае. Не разумею я ўладу. Наадварот, яна павінна быць зацікаўлена, каб палітычныя партыі былі шырока прадстаўленыя ў выбарчых камісіях. Гэта ж у інтарэсах дзяржавы, каб грамадзянская супольнасьць разьвівалася”.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Вайтовіч не належыць да партыйных кандыдатаў. Але і для яго ня стаў нечаканым вынік фармаваньня выбарчых камісіяў:

(Вайтовіч: ) “Гэтага можна было чакаць. Сцэнар разьвіваецца так, як гэта было падчас рэфэрэндуму. Усё будзе зроблена такім чынам, і так будуць сфармаваныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, што будзе аб’яўлены вынік, які загадзя вырашаны на самым версе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG