Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На зуброўцаў завялі крымінальную справу (абноўлены)


Радыё Свабода Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску распачала крымінальную справу супраць актывістаў моладзевага руху “Зубр”. Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра абвінавачваюць у супраціве міліцыянтам падчас затрыманьня. Хлопцы знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Аляксандар Казакоў і Зьміцер Зубр лічацца падазраванымі ў зьдзяйсьненьні злачынства паводле 363 артыкулу Крымінальнага кодэксу — супраціў супрацоўнікам міліцыі. Іх затрымалі ноччу з 28 на 29 сьнежня за графіці палітычнага зьместу на будынку Цэнтральнага суду Менску. Міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства і адвезьлі хлопцаў у суд.

Паводле заканадаўства, за графіці прадугледжана крымінальная адказнасьць. Таму судзьдзя адмовіўся разглядаць справу, і хлопцаў адвезьлі ў дзяжурную частку. Паплечнікі Казакова і Зубра былі ўпэўненыя, што, паколькі працоўны дзень скончыўся, хлопцаў прывязуць у пракуратуру толькі сёньня. Як насамрэч разьвіваліся падзеі, распавёў пракурор Цэнтральнага раёна Менску Аляксандар Хадатовіч:

(Хадатовіч:) “Учора ўсё было зроблена па часе, як трэба… Мы працуем круглыя суткі, калі гэтага патрабуе апэратыўная абстаноўка. Працаваў мой сьледчы і я. Меру стрыманьня выбірае орган расьсьледаваньня, службовая асоба. У дадзеным выпадку гэта будзе мой сьледчы. Калі спатрэбіцца санкцыя, то я буду вырашаць гэтае пытаньне. Яны пакуль падазраваныя. Пытаньне будзе вырашана заўтра. Сам буду глядзець ім у вочы. На першым пляне, канечне, тое, што яны там малявалі на сьценах і нешта наляпілі… Пры чым тут супраціў? Дык, калі іх затрымлівалі, яны сталі ў стойкі й казалі: “Не падыходзьце да нас”. Ну, і пачалі там зь імі змагацца. У межах расьсьледаваньня будзе дадзена ацэнка і графіці. Але пакуль найбольш актуальнае іх стаўленьне да прадстаўнікоў улады ў форме”.

Прэсавы сакратар руху “Зубр” Аляксандар Атрошчанка лічыць, што ўлады наўмысна ня сталі ўжываць палітычны артыкул, паколькі пачалася выбарчая кампанія.

(Атрошчанка: ) “Самі міліцыянты казалі, што хлопцаў будуць судзіць менавіта за графіці. Гледзячы па ўсім, улады папросту ня хочуць распачынаць палітычных справаў, бо зразумела, што сымпатыі грамадзкасьці будуць на баку гэтых хлапцоў. Але мы не выключаем, што з часам могуць зьявіцца артыкулы менавіта за графіці. Графіці — гэта вымушаны крок. Яны зьяўляюцца тады, калі людзі ня маюць іншых крыніцаў, каб данесьці і атрымаць інфармацыю. Гэтыя графіці, якія яны зрабілі, былі прысьвечаныя Дню салідарнасьці. Яны папросту хацелі, каб больш людзей далучылася”.

Гэта ня першы выпадак, калі палітычныя графіці сталі падставай для крымінальнага перасьледу. У 1998 годзе студэнта Аляксея Шыдлоўскага і 11-клясьніка Вадзіма Лабковіча судзілі за графіці, зробленыя ў Стоўпцах. Тады не было адпаведнага артыкулу ў Крымінальным кодэксе, і іх абвінавацілі ў злосным хуліганстве з асаблівым цынізмам. Аляксея суд пакараў пазбаўленьнем волі на два з паловай гады. Потым у розных судах Менску за графіці судзілі больш за дзясятак прадстаўнікоў моладзевых арганізацыяў. Іх каралі штрафамі і пазбаўленьнем волі ўмоўна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG