Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 74 дні бязь ежы М.Аўтуховіч страціў амаль 40 кіляграмаў


Сяргей Астраўцоў, Ваўкавыск Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пачаў пры дапамозе доктара-дыетоляга выходзіць з галадоўкі. У тэрапэўтычным аддзяленьні раённага шпіталя знаходзіцца міліцыянт, паколькі кантакты Аўтуховіча моцна абмежаваны паводле ўмоваў хатняга арышту. Сёньня ў Ваўкавыску пабываў наш карэспандэнт, які сустрэўся зь сябрамі і дачкой Мікалая Аўтуховіча.

Сёньня у ваўкавыскім шпіталі доктар-дыетоляг пракансультаваў Мікалая Аўтуховіча. Першыя тры дні, каб пачаць выходзіць з працяглай галадоўкі, яму трэба ўжываць толькі сокі — яблычны, маркоўны, прычым напачатку разбаўленыя. Толькі на чацьверты дзень можна будзе зьесьці крыху салату.

Сябры і сваякі Аўтуховіча вельмі радыя, што яго выпусьцілі з-пад арышту, і ён зможа быць дома. Яны радуюцца гэтаму як маленькай перамозе. Меру стрыманьня на хатні арышт яму зьмяніў намесьнік пракурора Гарадзенскай вобласьці Труцько — паводле артыкула 125 крымінальна-працэсуальнага кодэксу.

Мікалай Аўтуховіч цяпер будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам. У пастанове гаворыцца, што яму нельга размаўляць па тэлефоне, выходзіць з дому, а пакуль ён будзе знаходзіцца ў шпіталі. Ён мае права кантактаваць толькі з блізкімі і роднымі, усталёўваецца назіраньне за ім. У шпіталі, напрыклад, адмыслова знаходзіцца міліцыянт.

Аўтуховіча зьмясьцілі ў добрую палату — для вэтэранаў вайны – у якім толькі два ложкі і тэлевізар. Дарэчы, ён сказаў блізкім, што яму вельмі хацелася паглядзець тэлевізар, якога ня бачыў два з паловай месяцы. Начаваць у палаце з бацькам дазволілі дачцэ Каці, якой 14 гадоў. Я размаўляў зь ёю ў шпіталі, яна сказала, што вельмі чакала сустрэчы з бацькам, потым яны зь ім доўга глядзелі разам тэлевізар і размаўлялі.

Сябра Аўтуховіча Ўладзімер Асіпенка перакананы: каб ён сапраўды парушаў законы, сьвядома не плаціў падаткі, тады б ён імкнуўся не канфліктаваць з уладамі і не праводзіў бы зацята галадоўку. Калі Аўтуховіча прывезьлі ў раённы шпіталь, многа людзей убачылі яго — хворыя, дактары, усе толькі з жалем моўчкі хіталі галовамі. Нават міліцыянт выказаў зьдзіўленьне: як ён зьмяніўся! Усе былі ў шоку, сказаў мне Ўладзімер Асіпенка і дадаў: людзі ўбачылі, што ён сапраўды галадаў.

Уладзімер Асіпенка расказаў, што яны сабралі сярод жыхароў Ваўкавыска каля адной тысячы подпісаў за тое, каб Аўтуховічу зьмянілі меру стрыманьня. Подпісы накіравалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. З адміністрацыі адказалі, што зварот накіраваны на разгляд у генпракуратуру. Неўзабаве Аўтуховічу зьмянілі меру стрыманьня.

За час галадоўкі прадпрымальнік страціў 38 кіляграмаў: цяпер ён важыць 68, а раней меў вагу 106 кіляграмаў.

Гл. таксама • М.Аўтуховіч – у ваўкавыскім шпіталі (фота)
XS
SM
MD
LG