Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары: якія шанцы ў прэтэндэнтаў стаць кандыдатамі?


Валер Каліноўскі, Менск Напярэдадні Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў восем ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты: Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Лукашэнкі, Валерыя Фралова, Аляксандра Вайтовіча, Аляксандра Казуліна, Зянона Пазьняка, Сяргея Скрабца і Аляксандра Мілінкевіча. Ініцыятыўныя групы павінны сабраць па 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў і падаць іх у выбарчыя камісіі. Пасьля гэтага ЦВК будзе прымаць рашэньне аб рэгістрацыі кандыдатаў.

Рэгістрацыя кандыдатаў – гэта як прамежкавы фініш. Звычайна, шэраг прэтэндэнтаў да яго не даходзіць, ня ўсім удаецца поўна і якасна сабраць подпісы і падаць неабходныя дакумэнты. На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году было зарэгістравана 22 ініцыятыўныя групы, зь іх толькі чатыры бездакорна справіліся з задачай. Сёлета лік прэтэндэнтаў істотна паменшыўся, умовы для працы ініцыятыўных груп сталі больш складаныя, таму ня варта чакаць, што ўсе прэтэндэнты зьбяруць патрэбныя сто тысячаў подпісаў, – мяркуе менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

(Класкоўскі: ) “Напачатку варта сказаць, хто пэўна ня дойдзе, чыя група наўрад ці здолее сабраць подпісы – я маю на ўвазе групу Скрабца, таму што склад яе вельмі малы, чыста сымбалічны, можна сказаць. Таксама ёсьць сумневы наконт таго, ці пройдуць гэтую дыстанцыю групы Фралова і Вайтовіча. Тут, як мне падаецца, магчымы нейкі кампраміс на карысьць адзінага прэтэндэнта Мілінкевіча. У астатніх, я думаю, такія шанцы цалкам ёсьць”.

Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што група Пазьняка, а гэта пераважна правераныя актывісты, здолее сабраць патрэбныя сто тысячаў подпісаў, аднак пры рэгістрацыі ў лідэра КХП БНФ могуць зьявіцца праблемы з-за таго, што ён даўно не жыве ў Беларусі. Але ж рашэньне гэта будзе залежаць ад тактыкі, якую абяруць улады,– перакананы спадар Класкоўскі.

(Класкоўскі: ) “Напачатку здавалася, што дзейнай уладзе выгадна, каб было найболей у бюлетэнях супернікаў, каб былі такім чынам расьцягнутыя галасы дэмакратычнага электарату. Але думаю, што паколькі ўлада паламала сцэнар, які тычыцца тэрмінаў правядзеньня выбараў, то магчымыя зьмены і датычна гэтай тактыкі. І ня выключана, што можа застацца адзін з супернікаў Лукашэнкі плюс Гайдукевіч”.

Аляксандар Класкоўскі не выключае варыянту, калі ўлады адмовяцца зарэгістраваць А. Мілінкевіча кандыдатам у прэзыдэнты, палічыўшы больш зручным супернікам А. Казуліна. Іншы палітоляг Віталь Сіліцкі мае падобнае меркаваньне:

(Сіліцкі: ) “Думаю, што дойдуць тры дакладна. А Мілінкевіч пад пытаньнем… Сто тысяч подпісаў ён зьбярэ, але з рэгістрацыяй невядома што будзе… Нам падаецца, што ўлада стабільная, ёй баяцца няма чаго, але ўсе гэтыя антырэвалюцыйныя законы, заўчасныя выбары сьведчаць, што пэўны элемэнт занепакоенасьці там ёсьць”.

Зь іншага боку, мяркуе спадар Сіліцкі, калі не зарэгіструюць Мілінкевіча, гэта будзе ўспрынята як тое, што ўлада сапраўды баіцца аб’яднанай апазыцыі. Тым ня меней першы нэгатыўны сыгнал для Мілінкевіча зьявіўся. Учора ў ЦВК падчас рэгістрацыі ініцыятыўнай групы была зробленая заўвага, што ён нібыта заўчасна пачаў сваю перадвыбарную кампанію, паколькі ў гарадах распаўсюджваюцца матэрыялы ад імя Аляксандра Мілінкевіча, якія “ўтрымліваюць элемэнты перадвыбарчай кампаніі”. Сам спадар Мілінкевіч гэтым папярэджаньнем асабліва не пераймаецца:

(Мілінкевіч: ) “Мы ж жывем не ў прававой дзяржаве, а ў дзяржаве, дзе законы, асабліва ў выбарчым працэсе, увесь час парушаюцца менавіта ўладаю. Я ж не парушаю, не зьбіраюся падстаўляцца спэцыяльна. Але калі захочуць, – будуць здымаць. І калі вырашаць здымаць, то будуць гэта рабіць не паводле прававых праблемаў ці тэхнічных, а паводле палітычнага рашэньня. Але я шчыра кажу, што калі яны гэта зробяць, то будуць акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня”.

Аляксандар Мілінкевіч кажа, што ягоная каманда рыхтуецца да рознага разьвіцьця сытуацыі і мае ў сваім арсэнале эфэктыўныя захады, якія пакуль трымаюцца ў сакрэце.

Збор подпісаў за прэтэндэнтаў будзе праводзіцца ад моманту атрыманьня пасьведчаньняў членамі ініцыятыўных групаў (гэта адбудзецца на гэтым тыдні) і да 27 студзеня ўключна. Член ініцыятыўнай групы павінен прад’яўляць выбаршчыкам пасьведчаньне, якое выдала ЦВК. Выбаршчык можа ставіць подпісы за некалькі кандыдатураў, але толькі адзін раз — за адну і тую ж асобу. Падчас збору подпісаў сябры ініцыятыўнай групы маюць права даваць для азнаямленьня, але не раздаваць выбаршчыкам інфармацыйныя матэрыялы пра кандыдатаў, за якіх зьбіраюцца подпісы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG