Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская прэса піша пра выдаленьне каталіцкага сьвятара зь Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Пра справу айца Робэрта Кшывіцкага – адмову беларускіх уладаў працягнуць яму візу і збор подпісаў у абарону сьвятара піша сёньняшняя польская прэса. У інтэрвію адной з газэтаў, айцец Робэрт заявіў, што ў Беларусі нельга па-сапраўднаму несьці вернікам навуку царквы, бо сьвятароў абмяжоўваюць беларускія ўлады. Больш падрабязна са зьместам публікацыяў вас пазнаёміць наш варшаўскі карэспандэнт.

Газэта "Nasz Dziennik" піша, што ў Беларусі "у варунках запалохваньня і перасьледу" пашыраецца акцыя збору подпісаў у абарону каталіцкага сьвятара Робэрта Кшывіцкага. У матэрыяле "Ён ня мог маўчаць" адзначаецца, што шмат хто зь вернікаў вельмі незадаволены тым, што айца Робэрта змушаюць пакінуць Беларусь, але яны папросту баяцца падпісацца пад лістом з патрабаваньнем перагледзець рашэньне аб нявыдачы сьвятару візы на наступны год, бо гэта можа выклікаць рэпрэсіі з боку ўладаў.

"Барысаў, гэта тыповы беларускі горад, скалечаны 70-гадовай савецкай атэізацыяй – піша "Nasz Dziennik" – польскі сьвятар кажа, што ў Беларусі немагчыма па-сапраўднаму несьці вернікам навуку царквы, бо гэтая навука сутыкаецца зь беларускай рэчаіснасьцю – цэнзура закранула нават тэкст імшы. Мне забаранілі цытаваць Салжаніцына, а таксама беларускіх і расейскіх клясыкаў, якія заклікалі да барацьбы за праўду і справядлівасьць. Я тлумачыў, прыкладам, што жыць па-хрысьціянску гэта таксама азначае даваць людзям працу. Улады папярэдзілі мяне, што гаворачы пра працу, я ўмешваюся ў кампэтэнцыю дзяржавы", – заявіў польскім журналістам ксёндз Кшывіцкі.

"Nasz Dziennik" адзначае, што айцец Робэрт "ня мог маўчаць", калі, прыкладам, каталікі ў часе выбараў галасавалі за праўладных кандыдатаў, якія казалі пра сябе, што зьяўляюцца прыхільнікамі бальшавіцкай ідэалёгіі.

"Я вымушаны плаціць за тое, што хацеў стаць часткай беларускага грамадзтва. Веру, што ў Беларусі прыйдзе час дэмакратычных пераменаў. Што тады людзі скажуць царкве? Яны скажуць – а дзе ж вы былі ў той час?", – сказаў польскім журналістам айцец Робэр Кшывіцкі, барысаўскі каталіцкі сьвятар, якому беларускія ўлады адмовіліся выдаць візу на наступны год.

Польскія мэдыі падкрэсьліваюць, што пры гэтым беларускія ўлады ніяк не патлумачылі сваё рашэньне.

Варта дадаць, што польскія каталіцкія сьвятары служаць ня толькі ў Беларусі, але ў шмат якіх краінах Эўропы і сьвету. У Польшчы штогод рыхтуецца найбольш каталіцкіх сьвятароў, чым у любой іншай эўрапейскай краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG