Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: “Раскол Саюзу пісьменьнікаў прыдумаў яшчэ Замяталін”


Сяргей Абламейка, Прага Удзельнік сёньняшняга ранішняга эфіру – паэт, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Ўладзімер Някляеў

(Абламейка: ) “Толькі што прагучаў рэпартаж нашага менскага карэспандэнта Ўладзімера Глада аб магчымых праблемах з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Калі Вы былі б членам Цэнтральнай выбарчай камісіі, за якое рашэньне вы выступалі б – зарэгістраваць, ці прызнаць, што чалавек ужо даўно не жыве ў Беларусі і адмовіць у рэгістрацыі?”

(Някляеў: ) “Перш за ўсё, хачу сказаць, што палітычная інтрыга выбараў заключаецца ня ў моманце рэгістрацыі. Хаця я, безумоўна, за рэгістрацыю Пазьняка. Асноўнае пытаньне выбараў – ці ў нас застаецца ўсё, як ёсьць, ці нешта мяняецца? Я б нават хацеў, каб і Андрэй Клімаў мог далучыцца да выбараў. Я наагул за тое, каб спэктар людзей, якія сёньня здольныя змагацца за ўладу, быў як мага большым”.

(Абламейка: ) У пятніцу на мінулым тыдні журналісты зьвярнулі ўвагу, што падчас перадачы ў ЦВК сьпісаў членаў ініцыятыўнай групы старшыні Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна разам зь ім у ЦВК прыйшлі Вы і старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч. Вы вырашылі адкрыта прадэманстраваць свае палітычныя арыентыры і падтрымаць менавіта Аляксандра Казуліна? І ці азначае, што вы цяпер член яго каманды?

(Някляеў: ) Ёсьць людзі, якія перакананыя ў тым, што толькі тактыка з адзіным кандыдатам правільная і можа прынесьці перамогу. Але я добра памятаю выбары 2001 году з гэтай тактыкай з “адзіным” і цудоўна памятаю вынікі тых выбараў. Тое, што я прыйшоў разам з Казуліным у гэтую камісію – гэта не азначае, што я супраць Мілінкевіча альбо Пазьняка. Не, я і за гэтага, і за гэтага, я за зьмены ў нашай дзяржаве, бо далей проста невыносна. Ведаючы даволі даўно Казуліна, ягоны характар.. Улада – гэта як жарсьць, як жанчына, гэтага трэба хацець. У Казуліна ёсьць гэта жаданьне. Чалавек у адкрытую выходзіць змагацца, для мяне гэта дастаткова”.

(Абламейка: ) “У гэтым месяцы абедзьве палаты Нацыянальнага Сходу Беларусі прынялі, а кіраўнік дзяржавы падпісаў папраўкі ў Крымінальны кодэкс “аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і органаў дзяржаўнай улады”. Як, на Вашую думку, павінна захоўвацца інтэлектуальная эліта – пісьменьнікі, журналісты, навукоўцы? У такой сытуацыі любы роздум аб лёсе Бацькаўшчыны, нават калі гэта мастацкі твор крытычнай накіраванасьці, можа быць, у прынцыпе, кваліфікаваны як дыскрэдытацыя краіны. Як быць творцам? Маўчаць, зважаць на Крымінальны кодэкс? Пісаць у стол? Ці гаварыць?”

(Някляеў: ) “Калі прымаліся папраўкі, я быў у Кіеве, дзе мы разам з іншымі беларускімі пісьменьнікамі стваралі новую арганізацыю –Міжнародны саюз пісьменьнікаў. З прыняцьцем гэтых паправак за такую дзейнасьць у нас набягала гады на тры. Нібыта жарт, але – якія ўжо жарты? І паўстала пытаньне – што ж тут рабіць. Канешне, закон ёсьць закон, і адпаведныя структуры будуць яго выконваць. Таму ўзьнікаюць праблемы крымінальнага характару, і канешне, дадатковыя маральныя, унутраныя праблемы, найперш праблема пераадольваньня страху”.

(Абламейка: ) “Як вы ацэньваеце зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца?”

(Някляеў: ) “Гэта мусіла стацца даўно. Гэты сцэнар прапісваўся яшчэ ў тыя часы, калі я быў старшынём Саюзу пісьменьнікаў. Зараз ужо забыліся на гэтага чалавека -- Уладзімера Замяталіна – а менавіта ён прыдумляў такія штукі. Неяк у 1999-ым годзе ён сказаў мне, што абрыдла яму валтузіцца з намі, і ён прыняў рашэньне, што будзе створаны паралельны саюз, з фінансаваньнем, з датацыямі. Хто туды пойдзе, будзе нармалёва жыць, выдавацца, кватэры і ўсё астатняе. Я яму кажу – ніхто ж з прыстойных туды ня пойдзе, вы не атрымаеце ніводнай знакавай фігуры. Ён кажа – нашто мне гэта, мне патрэбна арганізацыя.

І вось мы маем факт стварэньне такой арганізацыі, арганізацыі па сутнасьці без літаратараў. Гэтыя людзі, 53 чалавекі з усёй Беларусі (дарэчы, некалькі падобны раскол быў ва Ўкраіне, і так таксама былі 53 чалавекі, нейкая магічная лічба) хочуць давесьці, што яны будуць захоўваць беларускую мову і літаратуру, нібыта не разумеючы, што яны знаходзяцца ў моўным і літаратурным гета. Там нібыта нешта адбываецца, а што па-за межамі? Калі ня будзе школ беларускіх, калі ня будзе чытача беларускай літаратуры. І, па-другое, гэтыя людзі, якія маюць зараз доступ да тэлебачаньня, займаюцца дыскрэдытацыяй шмат у чым беларускай літаратуры”.

(Абламейка: ) “Вы зьяўляецеся адным зь ініцыятараў вылучэньня народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. У якой фазе цяпер знаходзіцца гэтая справа, і ў сувязі з гэтым як Вы наогул ацэньваеце пэрспэктывы беларускай літаратуры ў цяперашняй сытуацыі?”

(Някляеў: ) “Як гэта можа не падасца дзіўным пасьля ўсяго, што я сказаў, але пэрспэктывы я бачу нармалёвыя. Перш за ўсё, вырасла новая генэрацыя творцаў, магутная па інтэлекце і сваіх здольнасьцях. Ёсьць каму ствараць літаратуру. Назапашаны матэрыял нельга спыніць. У гэтым кантэксьце вылучэньне Барадуліна (зараз ідзе праца над перакладамі) дапамагае гэтаму руху наперад. Сёньня Барадулін, як некалі Быкаў, -- як лякаматыў, які цягне нашую літаратуру наперад”.
XS
SM
MD
LG