Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка ў пазачарговым парадку на 9% падвышае працоўныя пэнсіі


Юлія Шарова, Менск Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ. Урадоўцы лічаць, што эканоміка гэтую нагрузку адужае. Няўрадавыя адмыслоўцы зьвязваюць прыняцьцё прэзыдэнцкага ўказу зь перадвыбарчай кампаніяй.

Апошні раз працоўныя пэнсіі падвышаліся чатыры месяцы таму, 1 верасьня — таксама пазаплянава. Але, як патлумачыла прэсавая сакратарка Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Галіна Трафіменка, цяперашні прэзыдэнцкі ўказ ніяк не супярэчыць заканадаўству.

(Трафіменка:) “Паводле закону пра пэнсійнае забесьпячэньне ў Рэспубліцы Беларусь, пэнсіі ў абавязковым парадку двойчы на год падвышаюцца — ад 1 лютага і ад 1 жніўня — пры ўмове, калі цягам двух папярэдніх месяцаў сярэдні заробак вырас ня менш чым на 15%. А вось цяпер няблага спрацавала эканоміка, зьявіліся грошы — і прынята рашэньне датэрмінова павялічыць. Летась мы таксама датэрмінова павялічвалі пэнсіі, і вось сёлета вырашылі такі калядны падарунак добры нашым пэнсіянэрам зрабіць”.

Цяпер сярэдняя працоўная пэнсія па ўзросьце складзе блізу 240 тысяч рублёў, альбо каля 111 даляраў. Аднак памеру сярэдняга мінімальнага спажывецкага бюджэту (пад 260 тысяч рублёў) яна гэтак і не дасягнула, хоць такія задачы ўрад на гэты год ставіў.

Адметна, што гэты сацыяльны нарматыў (мінімальны спажывецкі бюджэт) для пэнсіянэраў застаецца самым нізкім. Так, для мужчыны працаздольнага ўзросту ён складае 295 тысяч, а для мужчыны-пэнсіянэра — 242 тысячы рублёў. На думку эканаміста Міхала Залескага, такія лічбы ніяк не адлюстроўваюць рэальных патрэбаў пэнсіянэраў у грошах. Людзям сталага веку болей даводзіцца траціць, бо яны, як правіла, часта хварэюць, маюць патрэбу ў леках і адпачынку. Аднак чыноўнікі па-ранейшаму лічаць, што пэнсіянэрам на жыцьцё шмат ня трэба, цьвердзіць спадар Залескі.

(Залескі: ) “Мы павінны быць “удзячныя” за гэта акадэмікам Нямчынаву і Струміліну, якія ў дваццатыя гады, яшчэ на загад таварышаў Леніна і Кржыжаноўскага, разьлічвалі нарматывы сацыяльныя — для пралетарыяў і пралетарак. Падыход быў часу ваеннага камунізму: ёсьць працоўная маса і ёсьць людзі, якія ўжо нібыта адкіды грамадзтва — гэта старыя. Па мінімальным забесьпячэньні”.

(Карэспандэнтка: ) “То бок, лічыцца, што чалавеку ад 55—60 гадоў ужо нічога не патрэбна ды ён мусіць проста чакаць сваёй сьмерці?”

(Залескі: ) “Канечне! Ён ужо ня ёсьць інструмэнтам рэвалюцыі”.

Аднак у сучасным беларускім грамадзтве пэнсіянэры ператварыліся ў інструмэнт палітычнага рэгуляваньня, кажа Міхал Залескі. Таму стаўленьне да іх мяняецца — пэнсіі ім падвышаюць часьцей. На думку экспэрта, гэтая падвышка, якая зроблена адначасова з пачаткам выбарчай кампаніі — зусім не выпадковая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG